Старонка:Крытыка Узвышша 1927 01.pdf/42

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Альбо далей. Юрка, судзячыся з панам, робіцца ўсё бяднейшым і бяднейшым. Аўтар перарывае:

Дзе той спрыт падзеўся,
Дзе тое здароўе?

Пытаньне застаецца бяз простага адказу. Далей зноў эпічнае апавяданьне:

У хаце непарадкі,
Проста, безгалоўе і г. д.

Канчаючы сваю поэму, аўтар зноў зварочваецца з пытаньнем да чытача:

Можа хто ня верыць
Гэтай песьне сьлёзаў?

Адказвае:

Дык паслухай толькі
Гоману бярозаў і інш.

У другіх выпадках пытальныя сказы падаюцца ад гэрояў і складаюць ужо прыём для выяўленьня жаданьняў і настрояў у размоўнай форме дзеючых асоб. Размова іх, дзякуючы наяўнасьці пытаньняў і адказаў, набывае эмоцыянальна-ўсхваляваны характар. Прыклад гэткага роду пытаньняў мы маем у песьні гусьляра („Курган"). Пясьняр задае князю шэраг пытаньняў:

А ці чуў ты, аб чым там араты пяе?
Дзе і як жывуць гэтыя людзі?
Ці-ж прыгледзіўся, хорамны княжа? і др. (218).

Гэтыя пытаньні застаюцца без адказу.

Праз вусны князя падаецца таксама шэраг пытаньняў, зьвернутых да гусьляра:

Што-ж маучыш ты, гусьляр, ніў, лясоў песень-бай,
Славай хат маіх падданых слаўны?

У поэме "На Куцьцю" і "Бандароўна" таксама ёсьць некалькі пытальных сказаў, якія надаюць размове адценьне ўсхваляваньня.

Часьцей спатыкаюцца ў поэмах Я. Купалы клічныя сказы. Самым звычайным тыпам іх зьяўляюцца такія, у якіх поэта вылучае, шляхам клічу, найбольш важныя моманты ў тэматычным складзе твору. Гэтым шляхам ён надае выяўленьню ўзвышаную ўражлівасьць у параўнаньні з эпічным тонам усяго твору.

У поэме "Бандароўна", дзе клічы асабліва шматлічны, гэты прыём ужываецца ў тых месцах, дзе апавяданьне, дзякуючы шчапленьню акалічнасьцяй, дасягае значнай напружанасьці. Так, апісваючы прыгожасьць гэроіні і жадаючы паказаць яе высокую ступень, аўтар канчае свой расказ аб гэтым клічным сказам:

Хараства такага ў сьвеце
Ня было, ня будзе...
Рост высокі, стан павабны...
Як ідзе яна, бывала,
На бок каралеўна! (117).

І далей, адзначаючы асаблівую прыгожасьцю Бандароўны ў той момант, як яна выступае ў пачатку поэмы, аўтар зноў заканчвае гэтае апісаньне клічным сказам:

А сягоньня-ж выглядае
Лепей, як заўсёды...
Задзіўляе усіх чыста.
Як зара якая...
Ой, гуляй-жа, Бандароўна,
З вечару да ранку! (148).