Старонка:Крытыка Узвышша 1927 01.pdf/41

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

У другім:

Плыве шумліва, як рака,
Бяседа вольная такая,
А ўжо нявідзіма рука
На небе поўнач адзначае.
Залопаў крыльлямі пятух... і інш...

Такім чынам тэматычна абодва разьдзелы знаходзяцца ў пакравенстве. Мы маем у гэтым выпадку паўтарэньне сэнсавага характару. Блізкасьць іх, апрача таго, падтрымоўваецца і з формальнага боку: той і другі разьдзел закончваецца адным і тым-жа чатырохрадкоўем:

І тут і тамка свой прыгон
Распасьцірае царства ночы;
Салодкі сон, магільны сон
Сьмяецца сьвету ўсяму ў вочы.

У заключнай страфе пераменен толькі першы верш чатырохрадкоўя:

І так і гэтак свой прыгон...

Такім чынам, адзначанае паўтарэньне па свайму характару зьяўляецца кальцавым: яно абкружае гэтую поэму разьдзеламі з "паўтаральным" зьместам і паўторнаю заключнаю страфою.

Пытальныя сказы ў поэмах Я. Купалы таксама выконваюць функцыі эмоцыянальнага характару, але розныя па свайму зьместу.

У адных выпадках поэта, парушаючы "эпічнасьць" выяўленьня прадметаў вонкавага сьвету, зварачаецца да чытача з пытаньнем, якое знаходзіць адказ і тлумачэньне далей. Пры гэтакай форме выяўленьня мы маем два моманты: спачатку―уласнае я мастака, якое выражана ў пытальным сказе, зьвернутым да чытача альбо да самога сябе, што і ўтварае, менавіта, лірычны момант твору; пасьля―апісаньне вобразу з вонкавага сьвету, што складае зноў эпічны працяг яго. Так, у поэме "Магіла льва", аўтар, расказваючы гісторыю Машэкі, у паасобку, абрысоўваючы яго характар і натуру, перажывае свой твор пытаньнямі:

Чаму ён так зьмяніўся з часам,
Што да разбойства давяло,
І да крыві людзкой стаў ласым,
Свае пакінуўшы сяло?
Ці дома хлеба меў замала,
Ці крыўду вызнаў ад каго,
Ці мо' прастору не ставала,
І ў пушчы стаў шукаць яго?

Адказ наступае непаспрэдна:

Ўсё гэта ня было прычынай,
Але, як вестка падае,
Была прычынаю дзяўчына.
Машэка згінуў праз яе.

Асабліва многа пытаньняў у поэме "За што?" Тут эмоцыянальнасьць мовы, якая выражана лірычнымі пытаньнямі самога аўтара, паказана шматлікімі прыкладамі. Асабліва частыя яны ў той частцы поэмы, што апісвае цяжкае становішча Юркі, які па загаду новага пана павінен пакінуць сваю гаспадарку. Аўтар некалькі раз перарывае сваё апавяданьне, задаючы чытачу свае пытаньні: Юрку загадалі выбрацца з яго хаты.

А ці-ж лёгка гэта?

задае пытаньне мастак і тут-жа адказвае на яго:

Дык хто з вас ня знае,
Як наш брат к зямельцэ
Быццам прырастае... і інш.