Старонка:Крытыка Узвышша 1927 01.pdf/40

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Вылазе з цемры бледны звод,
Глядзіць сьліўнём на долы, горы.
І тут і там пускае ў ход
Свае нямыя загаворы.
І тут і тамка свой прыгон
Распасьцірае царства ночы;
Салодкі сон, магільны сон
Сьмяецца сьвету ўсяму ў вочы (192).

Для другога віду мэтафор ёсьць гэткія выпадкі: няхай-жа гэтыя калосься (легенд) мінуць скараньне нябыцьця! (131), зьбіраць начнём зярно к зярняці, былое ў думках ускрашаць, каб быт на новы лад пачаці і сеўбу новую начаць (131), пачнëм дакопывацца самі разгадку нашых крыўд і бед, што леглі цёмнымі лясамі на нашай долі з даўных лет (136), каханьне ў сэрцы гэтак сеяў, а жаць пры плося пракляцьцё (137).

У песьні гусьляра ("Курган“) мэтафора гэткай формы набывае шырокія разьмеры, разгортваючыся ў вялікі малюнак:

Ты брылянтамі ўсыпаў атласы і шоўк―
Гэта цёртая сталь ад кайданаў,
Гэта вісельні петляў разьвіты шнурок,
Гэта, княжа, твае саматканы.
Стол ты ўставіў ядой, косьці шмат пад сталом,―
Гэта косьці бядноты рабочай.
Пацяшаешся белым, чырвоным віном,―
Гэта сьлёзы нядолі сірочай.
Хорам выстраіў ты, твайму воку так міл,
Адшліфована цэгла і камень,―
Гэта памяткі-пліты з няўчасных магіл,
Гэта сэрц скамянеўшыхся пламень... (219).

Ёсьць яшчэ некалькі прыкладаў мэтафорных выразаў, якія ня вылучаюцца сярод іншых яскравасьцю сваіх вобразаў і складаюць прыналежнасьць штодзеннай мовы; гэта мэтафоры, што страцілі полыск (бляск) свайго вобразу: спаў Машэка вечным сном (144), сьпіць сном вечным Бандароўна (156) і інш. Сярод іх ёсьць такія, што блізкі да мэтафор народнай творчасьці: гэта ці навекі косьці парыць у зямельцы-маці? (153), спушчалі Бандароўну на той сьвет вялікі (157) і інш.

З боку мастацкіх уласьцівасьцяй гэтыя мэтафоры выконваюць пэўныя задачы; яны даюць яскравыя вобразы, якія ўзяты з сьвету конкрэтных зьявішч і якія рысуюць або мертвыя прадметы ў жывым выглядзе, або адцягненыя разуменьні ў рэальнай форме. Але самі па сабе мэтафоры, як прыёмы стылю, больш усяго па сваёй прыродзе, якая мае ў аснове нешта сымболічнае, характэрны для романтычнага кірунку.

З другіх зьявішч стылю ў поэмах Янкі Купалы трэба адзначыць гэткія прыёмы эмоцыянальнай мовы, як: паўтарэньні, воклічы, пытаньні.

Прыём першага роду―паўтарэньні, як ужо зазначалася, складае характэрную прыналежнасьць романтычнага стылю. Але ў разгляданых творах ён мае толькі адзін прыклад. Сюды адносіцца гэткі выпадак. У поэме "На куцьцю" першы і апошні разьдзелы (І і XІІ) маюць у сабе апісаньне абразоў ночы; у першым выпадку мы чытаем:

На небе зоры ўжо місцяць,
На полі срэбны сьнег іскрыцца;
На бел-сьвет дзівы выпраўляць
Пляцецца ночка-чараўніца.
Глуш абнялася з цішыней і г. д