Старонка:Крытыка Узвышша 1927 01.pdf/39

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Дагэтуль мы мелі справу з гэткімі параўнаньнямі, што па сваёй знадворнай форме не вызначаюцца шырокімі памерамі. Як відаць з папярэдняга, іх асноўная частка, г. зн. вобраз, мае толькі адну самастойную частку сказу—дзейнік, супадаючы ў дачыненьні выказьніка з дзеяньнем тэмы параўнаньня, гэткім чынам і прадметы іх у разгледжаных прыкладах выражаюцца звычайна толькі адным сказам.

Але апроч гэтых выпадкаў у разгляданых тэмах ёсьць некалькі прыкладаў параўнаньняў разьвіненых. Гэта ўласьцівасьць разьвіненьня дасягаецца падвойным спосабам: альбо шырокім малюнкам вобразу, альбо намнажэньнем асобных параўнаньняў. Поэмы Я. Купалы даюць толькі некалькі прыкладаў першага парадку. Асаблівасьцю іх зьяўляецца вобразны малюнак, настолькі шырокі, што ён заводзіць увагу чытача ў бок і скружае яе на ім, прымушаючы забываць рэшту яго частак. У гэткай конструкцыі гэтыя прыёмы дапамагаюць мастацкай эмоцыянальнасьці поэтычнай мовы, мала даючы для выяўнасьці об'екту параўнаньня. Апошняя ўласьцівасьць іх зусім відавочна з таго, што, дзякуючы шырыні малюнку, сувязь паміж вобразам і тэмай у чытача амаль што зусім сьціраецца. Вобраз набывае значэньне самостойнай поэтычнай актыўнасьці, трацячы функцыі параўнаньня. Прыклады разьвіненых параўнаньняў: сама (Наталка) к бядзе пайшла сваёй... не прачувала горкай долі, якую лёс людзям нашле; раз, як пайшла ў двор, дык болей яе ня ўбачылі ў сяле. Сваю так сетку распускае на мух услужлівы павук, пакуль ня ўваліцца якая і ўсіх ня выведае мук (139), і стаіць яна прад панам, як калінка тая, што ў лузе, над ракою вецер пахіляе (152), сьпета Юркі песьня, ўсё пайшло па сьвеце: жонка у пясочку, людзям служаць дзеці... (203), так зьвярцелась прахам доля чалавека, так усё ідзе ў нас ад веку да века... (204).

На больш нізкім колькасным узроўні ў поэмах Я. Купалы знаходзяцца (перанясеньні), мэтафоры, г. зн. такія зьявішчы стылю, што зьмяшчаюцца ў поэтычна-паясьняльным выяўленьні вядомай тэмы пры дапамозе разуменьняў, якія знаходзяцца з ёю ў кроўных сэнсавых стасунках, ступень гэтых дачыненьняў можа быць рознастайнаю. Найбольшы лік мэтафор у поэме "Магіла льва". Большасьць іх вобразаў узята з прыроды, прычым мастак альбо ажыўляе, псыхолёгізуе іx, надаючы выгляд ажыўлёных прадметаў, альбо пры дапамозе рэальных малюнкаў конкрэтызуе зьявы адцягненага парадку. Прыклады мэтафор першага парадку: драмала пушча, у сотні гоняў, змагала громы і віхры (132), (пушча), на дрэва дрэва нагінала, адно к другому прыгняла, сукі з сукамі пасплятала і з ветрам гутарку вяла (132). А з пушчы вырваўшысь на поле шумеў і грозны слаў праклён, што не даваў яму лес волі—давіў гальлём з усіх старон (132), аб чым з сабой (Машэка і Наталка) тады ў дваёчку снавалі думкі, сеўшы ў рад,—пытаць аб гэтым трэба ночку і за вакном вішнёвы сад (134), сталетні ліпы ўкруг панура стагналі ночаю і днём (137), паціху толькі ў вёсках людзі маркотну гутарку вялі аб крыўдах тых, што ім на грудзі праз пана каменем ляглі (137). Сюды-ж далучаецца і малюнак ночы, пераносна жывы, у поэме „На куцьцю":

На небе зоры ўжо мігцяць,
На полі срэбны сьнег іскрыцца;
На бел-сьвет дзівы выпраўляць
Пляцецца ночка-чараўніца.
Глуш абнялася з цішынёй
І спавівае ўсё у чары.
Паўзуць і сеюць шорах свой
Старшым парадкам цені-мары.