Старонка:Крытыка Узвышша 1927 01.pdf/3

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ліца Крыніцкіх у звычайны час і тая-ж сьвятліца ў часе вечарынкі; Паўлінка ў будныя дні, за шыцьцём, якая напявае песеньку, і Паўлінка пры гасьцёх, якая разносіць "гарбату" з ласкавай і крыху іронічнай "прынукай". Паўлінка, якая танцуе польку з панам Адольфам, і Паўлінка, якая гуляе з ім у "дурня": бацькі Крыніцкія ў хатнім побыце, калі варочаюцца з рынку, і Крыніцкія, калі частуюць гасьцей; трыманьне суседзяў Пустарэвічаў, манера весяліцца ў гасьцей, заўвагі музыкантаў—усё гэта ня проста паасобныя моманты драматычнага дзеяньня, але цэлыя бытавыя сцэны, вельмі сьцісла, але тым ня менш даволі яскрава акрэсьленыя. Пры гэтым асобы п'есы сваімі гутаркамі і дзеяньнямі вельмі ўдачна самі экспонуюць свой быт: такая аўтоэкспозыцыя, напр., наглядаецца ў пана Адольфа, у Пранціся Пустарэвіча, у Сьцяпана Крыніцкага, якія паказваюць у некалькіх словах усю няхітрую мозаіку свайго шляхоцкага жыцьця.

Ня менш удачна і экспозыцыя характараў. Праўда, так званая "сыстэма размоў", якою карыстаецца Я. Купала, адзываеца драматургічнай старадаўнасьцю: ён дапушчае монолёгі і прамовы "у бок" (a parte), што даволі дзіўна выглядае ў тэксьце п'есы 1913 году. Але тым ня менш яго гэроі трапна і яскрава характарызуюць самі сябе і адзін другога ў сваіх размовах і дзеяньнях. Паўлінка, жывая, дасьціпная дзяўчына, якая пад маскай весялосьці і жарту глыбока перажывае сваё пачуцьцё да Якіма, ужо пасьля першага акту моцна застаецца ў памяці чытача, як зусім конкрэтны, жыцьцёвы вобраз. Бацькі Крыніцкія і бацькі Пустарэвічы, у якіх сялянская наіўная грубасьць сваеасабліва сплятаецца з незамыславатымі прэтэнзіямі вясковага шляхецтва, таксама паўстаюць перад чытачом, як жывыя, і мімавольна прыцягваюць да сябе яго ўвагу. Крыху слабей замалёваны гэтыя два прэтэндэнты на руку Паўлінкі, г. зн. Якім Сарока і пан Быкоўскі; апошні з іх, між іншым, амаль закончаны аўтарам, як портрэт дурнаватага, і што любіць хваліцца вясковага шчогаля вельмі ня высокай пры гэтым маркі; але першы, г. зн. Якім Сарока, вельмі цікавы па замыслу поэты выяўнік перадавой вясковай інтэлігенцыі перадрэволюцыйнай пары, застаўся ўсяго эпізодычнай асобай і замалёваны ў акце выключна як пяшчотны каханак, які атуліў прадмет свайго каханьня задушэўнай ласкай і беражлівай увагай.

Уся моц гэтых зарысовак, як бытавых так і псыхолёгічных, хаваецца ў удала падабраных размовах, вельмі колёрытных і жыцьцёвых. У гэтым увесь сакрэт гэтай маленькай пьесы, якая бязумоўна павінна падабацца і чытачу і гледачу. Паўлінка ўся раскрываецца ў сваіх размовах — то ў жартаўлівых і дасьціпных, якія перасыпаны прыказкамі і пагаворкамі, то ў задушэўна-маркотных, поўных дзявочай журбы па шчасьці, так блізкім і так далёкім. Яна так люба жартуе з Якімам, які абавязкова хоча сур'ёзна пагаварыць аб сваім каханьні: "Ведаю я гэтыя сур'ёзнасьці" ― гаворыць яна. Перш-на-перш будзе, ці я люблю, пасьля―ці вельмі моцна, а пасьля, ці гатова ўсё чысьценька зрабіць, што чорнабровы Якім захоча, а там, а там... і паехала, як не на падмазаных калёсах... Яна так-жа грацыозна, паўжартліва-паўсярдзіта, адхіляе ўпэўненую заяву свайго Якіма, якая зроблена па звычайнаму для закаханага мужчыны шаблёну: ".... ты мая на векі вечныя".―"Ня я твая, а ты мой на векі вечныя"-гаворыць яна яму. Але калі яна на адзіноце хоча зьліць усю моц свайго пачуцьця да Якіма, яе размова з маляўніча-кплівай і жартаўлівай становіцца квола-эмоцыянальнай і глыбока-удумнай: па адыходзе Якіма яна ўглядваецца ў яго фотографічную картку, цалуе яе і, хаваючы за па-