Старонка:Крытыка Узвышша 1927 01.pdf/38

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

яе вочы (147), як палацам, хатай пахваліцца можа (202); маторныя: як пёрка носіць на руках (133), бы тую пёрынку птушыну, у сваю бярлогу яе нёс (142); адцягненыя: як-бы дзівы, ёй брэдні ўсякія складаюць (138), як мір-сьвет коціцца разгон і ў думцы казкай раздаецца (197).

Агульнае мастацкае значэньне эмоцыянальных эпітэтаў было ўжо адзначана. Што датычыцца тэлеолёгіі кожнай з адзначаных груп, то першыя дзьве маюць больш конкрэтны характар, паколькі зрокавасьць і маторнасьць больш рэальна адчувальны, чым вобразы, напрыклад, акустычныя або адцягненыя. У іх эмоцыянальнасьць мае больш рэзка абрысованы характар, чым у другіх, дзе яна прыймае расплыўчатыя і туманныя абрысы. Усе малюнкі параўнаньняў гэтага роду ўзяты мастаком са сфэры блізкіх штодзенных зьявішч (ягнём, сноп, зорка, пярун і г. д.). Дзякуючы гэтай уласьцівасьці самі вобразы набываюць такі-ж характар. Яны не вымагаюць высокай напружанасьці і ўспрыяцьця і неабходнасьці ўзмоцненай работы выабражэньня, выклікаючы "хутка" звычайны від знаёмага ўсім малюнку. Мастацкая значнасьць іх у гэтым выпадку нявысокай якасьці.

Асобную катэгорыю складаюць параўнаньні, якія займаюць па сваёй пабудове сярэдняе становішча паміж параўнаньнямі папярэдніх двух катэгорый—эмоцыянальнымі і паясьняльнымі. Вобразы разгледжаных ужо параўнаньняў адносяцца да поўнага разуменьня тэме ўсяго параўнаньня, якая выражана аднім ці некалькімі словамі. Гэтыя вобразы альбо папярэджваюць прадметы параўнаньня, як гэта мы маем у параўнаньнях эмоцыянальных, альбо наступаюць за імі, што мы назіраем у паясьняльных. Параўнаньні апошняй адмены маюць іншае пабудаваньне. Тэма іх выяўляецца звычайна некалькімі словамі, якія шчыльна зьвязаны паміж сабою і якія складаюць галоўныя часткі ўсяго сынтаксычнага цэлага. Вобразы гэтых параўнаньняў зьмяшчаюцца такім чынам, што падзяляюць тэмы параўнаньня—увесь слоўны выраз яе—на дзьве часткі, зьвязваючыся, аднак, як з першаю з іx, так і з другою. У выніку атрымліваецца схэма, у якой першая частка тэмы, выражаная ў тэй ці іншай слоўнай форме, праводзіцца параўнаньнямі паясьняльнымі, якія выяўляюць яе, значыць тут у наяўнасьці мы маем уласьцівасьці паясьняльных параўнаньняў. Затым той-жа вобраз аказваецца папярэджваючым другую частку тэмы, выконваючы ў стасунку да яе задачы ўжо эмоцыянальнай выразнасьці. Дзякуючы гэтаму, тэма параўнаньня аказваецца зьвязанаю адзнакамі эмоцыянальна-паясьняючага характару.

У залежнасьці ад таго, што паясьненьне можа быць ці мастацкім, ці лёгічным, і параўнаньні гэтага роду распадаюцца на эмоцыянальна-мастацкія і эмоцыянальна-лёгічныя. Так у параўнаньні: парасплеценыя косы, як тыя галінкі, леглі пасмамі хваліста тут-жа—ля дзяўчынкі (154) —тэму яго складае выраз—косы леглі; вобраз яго: як тыя галінкі, — якія знаходзяцца паміж прадметам і дзеяньнем яго і ў аднакай меры адносіцца да тога і другога. Але першую частку тэмы—косы—вобраз мастацкі тлумачыць, поэтычна выяўляе: парасплеценыя косы, як тыя галінкі, а другі—ляглі—надае эмоцыянальную выразнасьць: як тыя галінкі, леглі.

У поэмах Янкі Купалы ёсьць толькі параўнаньні эмоцыянальна-мастацкага характару. Гэта: з руты-мяты ёй вяночак вілі ў дамоўку, як карону каралеўне, клалі на галоўку (156), (Юрка) зьліўся, як за грошы, потым ды сьлязою (201), уся яго работа каля маткі-нівы, пойдзе, як у процьму, марна нешчасьліва (203), і сядзіць гэты сумны, як луна, белы дзед (217).