Старонка:Крытыка Узвышша 1927 01.pdf/37

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

лёгічнай яснасьці і патрабуе паясьненьня. Між тым, як у другіх тэмы параўнаньняў па свайму лёгічнаму зьместу зусім ясныя, пэўныя і не патрабуюць дапаўняючага асьвятленьня, дадзеныя ім вобразы ўжо мастацка (а не лёгічна) дапаўняюць іх.

У вывучаных поэмах мы знаходзім толькі прыклады другога парадку: павеўна, як дасьпелы колас (135), абведзен быў высокім мурам палац, як той астрог, кругом (137), яна ішла за ім, як цень (138), Машэка... блукаўся, як цьма (139), расла ў ім помста, як зьмяя (140), зьмяніўся ўвесь, як воўкалак (140), твар, як лілея (147), з плеч сплываюць яе косы, як-бы сонца косы, і іскрацца, як на сонцы брыльлянцісты росы (147), увесь гарыць, бы ў жары (149), прыцягнулі Бандароўну к пану ў сьвятліцу, як праступніцу якую, ці як чараўніцу (151), у вочках толькі рдзяцца сьлёзы, як улетку росы (151), павалілась на зямельку, як бярозка бела (154), кроў чырвона блішчала па ўсёй сьцежцы, як раса на полі (155), краса б'е з князёўных зраніц, як блеск маланак развуглёны (193), барада, як сьнег белы—такая (217), сум і сьціша заляглі, як ночай (220), і інш.

З пункту гледжаньня тэматычнага, пададзеныя параўнаньні неаднолькавы. У большасьці з іх мастак дае вобразы высокай мастацкай яскравасьці і сілы (як дасьпелы колас, як лілея, як-бы сонца, косы, і г. д.); іх конкрэтнасьць поэтычнага характару, якая ўзвышаецца над узроўнем прадметаў, што нас атачаюць, штодзенных; яны—вынік мастацкай вынаходкі. У некаторых-жа выпадках (як той астрог, як цень, як цьма і інш.) вобразнасьць, наадварот, будзённага характару, для нас прывычная.

Па пабудове сваёй формы яны аднародны. У іх вобразы і прадметы зьвязаны аднакім дзеяньнем—адным агульным выказьнікам; гэта набліжвае іх адно да другога і скарочвае разьмеры іх мастацкага размаху.

Затым даволі значную групу сярод параўнаньняў паясьняльных складаюць такія, што маюць вобразы іх адцягненыя. Тэма-ж звычайна конкрэтных уласьцівасьцяй і не патрабуе дапаўняльных тлумачэньняў; дадзеныя ім вобразы, што ўзяты са сфэры адцягненых зьявішч, утвараюць эмоцыянальны вэлюм, якім зацягвае конкрэтныя рысы ў прадметах параўнаньняў. Гэткія параўнаньні: Аб ёй людзі гаварылі, як аб нейкім цудзе (147), а сягоньня-ж выглядае лепей, як заўсёды (148), задзіўляе ўсіх чыста, як зара якая (148), болей жалю меў (вецер) над ёю, як якія людзі (150), Натальку жыцьцë у ім цешыць не магло, за тую грэшную русалку—жывыя людзі і сьвятло (143) і інш. Адцягненасьць некаторых пададзеных вобразаў носіць асобны характар, бо вобразы іх самі па сабе маюць конкрэтны выгляд (зара, людзі), але яны атрымліваюць адценьне адцягненасьці, дзякуючы даданьню ім гэткіх слоў, як: якая, якія і г. д. У апошнім прыкладзе адцягнены характар надаюць вобразы, што ўзяты з баек і мітаў.

Рэшта відаў параўнаньняў гэтага-ж раду вельмі нямногалікая. Ёсьць некалькі прыкладаў параўнаньняў маторных: жыцьцё кіпіць, як у гаршку (145), мёд, віно ў жбанах б'е пенай, як-бы мора тое (152), замятушыліся, як пчолы (195), на вясельле-разгул наплыло, як на сход (216).

Ёсьць акустычныя: з грудзей гарачых звонкі голас зьмяняла ў песьню—як званок... (135), а быў другі і з ног і з рук, як гром з жывымі пярунамі (194).

Другую даволі значную групу складаюць параўнаньні эмоцыянальныя. Яны таксама рознародныя па характару свайго зьместу. Сярод іх ёсьць зрокавыя: як-бы ягнём, патульны быў (133), як сноп, зваліўся ўжо фурман (142), як маліны, яе губы (147), як дзьве зоркі,