Старонка:Крытыка Узвышша 1927 01.pdf/36

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

выражаны творным склонам ці пры дапамозе іншых граматычных форм (параўнальная ступень), так і злучнымі, іначай гаворачы, параўнаньнямі, якія выражаны пры дапамозе тых ці іншых злучных слоў; звычайнымі ў гэтым выпадку зьяўляюцца: як, так, бы і інш.

Параўнаньні першага раду па сваіх выяўленых якасьцях ня маюць выразнасьці ў самым акце параўнаньня. Яны амаль зусім унікаюць ад чытача, і пагрэбна больш высокая напружнасьць увагі, каб іх устанавіць у процэсе чытаньня мастацкага тэксту. Дзеля гэтага іх паясьняльнае значэньне, якое патрабуе для сябе выразнасьці і пэўнасьці ў стасунку паміж вобразам і яго прадметам, ня мае высокай сілы. Іх уласьцівасьці—узбуджэньне эмоцыянальных уражаньняў, між іншым, дзякуючы іх кароткасьці, вельмі вузкіх і павярхоўных. Бяззлучныя параўнаньні—эмоцыянальныя па пераважнасьці.

Больш выразныя ў дачыненьні адчувальнасьці самога акту параўнаньня, прыёмы якія выражаны параўнальнай ступеньню, каторая, як вядомая граматычная катэгорыя для азначэньня, іменна, параўнаньня, і падкрэсьлівае гэты момант у чалавечай мове. У гэтых адносінах яны блізкі да параўнаньняў злучных і займаюць сярэдняе становішча паміж імі і бяззлучнымі. У адносінах сваіх якасных уласьцівасьцяй параўнаньні гэтага парадку належаць да эмоцыянальных, пасколькі граматычная прымета іх—параўнальная ступень—па сваёй прыродзе выражае зьявы, якія даступны толькі эмоцыянальнаму ўспрыяцьцю, тое, што можна толькі эмоцыянальна уявіць, што больш ці менш вядомага прадмету.

У поэмах Я. Купалы лік бяззлучных параўнаньняў вельмі невялікі. Сюды адносяцца гэткія выпадкі: птушкаю з выраю буду, пеці зязюлькай пачну (199).

Сюды-ж прылягаюць і параўнаньні, якія выражаны параўнальнаю ступеньню: і разгарнецца ясьней паходня радасьці забытай (196), ямчэй нацягваецца лук (196).

Сярод злучных—адна група параўнаньняў эмоцыянальных, другая—паясьняльных.

Першыя зьмяшчаюць вобраз параўнаньня на першым месцы, а прадмет яго—на другім. У гэтым выпадку вобраз, што ўспрыймаецца чытачом у першую чаргу, вывучаны ім тады, калі яшчэ самы прадмет яго невядомы, служыць мэце эмоцыянальнай уражлівасьці, псыхолёгічнай выяўнасьці. Паясьняльнае значэньне іх вельмі невялікае, бо ўвага чытача пасьля таго, як вобраз параўнаньня вывучаны, спыняецца на прадмеце яго, а затым ідзе для ўспрыняцьця далейшага апавяданьня, у выніку і атрымоўваецца толькі эмоцыянальны адбітак.

Наадварот, параўнаньні, у якіх тэма іх ставіцца на першы плян, а вобраз адсоўваецца на задні, мае другі характар. Яны выконваюць задачы паясьняльных уласьцівасьцяй.

Дзеля таго, што тэма стаіць на першым месцы і ўспрыймаецца, дзякуючы нескладанасьці сваёй унутранай будовы, вельмі скора, а вобраз наступае за ім, разгортваючы малюнак, што вобразна разьвівае прадмет параўнаньня,—у выніку атрымліваецца конкрэтызацыя тэмы, рэальнае, плястычнае выяўленьне яе. Параўнаньні гэтага парадку ўласьцівы, галоўным чынам, стылю клясычнаму.

Большасьці параўнаньняў, ужываных Я. Купалам у азначаных поэмах, належаць да паясьняльных. Між імі адрозьніваюцца асобныя катэгорыі, няроўназначныя па сваёй мастацкай выяўнасьці. Самую вялікую групу іх складаюць параўнаньні з вобразамі зрокавых уласьцівасьцяй. Адны з іх могуць мець мэту лёгічнага паясьненьня прадмету, а другія—мастацкага. У першых вобраз параўнаньня зьяўляецца лёгічным дапаўненьнем да яго прадмету, без якога ён ня мае поўнай