Старонка:Крытыка Узвышша 1927 01.pdf/35

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Значна меншую групу складаюць эпітэты конкрэтныя, якія даюць яснае ўяўленьне аб матэрыяльнасьці вобразаў, імі выражаных. Характар зьместу таксама не аднакі.

Вялікі лік іх—эпітэты зрокавыя, што звычайна выражаюць уласьцівасьць на цэльнасьці і матэрыяльнай выяўнасьці азначаных імі прадметаў. Аднак, у поэмах Я. Купалы эпітэты гэтага роду выконваюць задачы некалькі іншага характару. Прыклады іх: гладзьдзю сіняй (136), лес цёмны (іb.), цёмнай далі (146), белы грудзі (150), ночка цёмная (151), кроў чырвону (151), чорны бровы (153), касьнікі чырвоны (155), срэбны сьнег (192), пахані чорнай (216) і г. д. Як відаць з паданага, некаторыя з іх служаць для мэты ўзмацненьня эмоцыянальнай уражлівасьці ад тых прадметаў, да якіх яны прыданы; гэта: белы грудзі ночка цёмная, кроў чырвону, срыбны сьнег, пахані чорнай. Пералічаныя прадметы самі па сабе-па сваёй прыродзе маюць у сабе ўжо тыя ўласьцівасьці, якія пасьля падкрэсьлены яшчэ раз даданымі да іx эпітэтамі. Гэтае паўторваньне і ў прадмеце і ў вобразе эпітэта аднэй і тэй-жа уласьцівасьці і стварае вядомую кондэнсацыю эмоцыянальнай выяўнасьці іх. Гэтыя эпітэты можна назваць тожслоўнымі.

Другія эпітэты той-жа групы выяўляюць агульныя ўласьцівасьці красак і колераў, якія мастак хоча падкрэсьліць у выяўленых прадметах (гладзьдзю сіняю, лес цёмны і інш.), даючы гэтым вядомую ступень конкрэтнай выяўнасьці.

Сярод зрокавых эпітэтаў другога парадку ёсьць адзіночныя прыклады і эпітэтаў сынтэтычных, якія выражаюць вядомыя адценьні колераў, гэта: залататканы абрусы (192), беласьнежны пасад (193) і інш.

Эпітэты другіх відаў налічаюць толькі некалькі прыкладаў. Акустычныя: звонкі голас (135), зычныя званы (196), ракі шумнацечнай (215), уздыханьнем глухім (215). Псыхолёгічныя: маркотну гутарку (137), дакучных кпінак (139), штосьці жуткае (140), сумнае іграньне (157), задумных вочак (217). Гэтыя эпітэты таксама служаць мэце эмоцыянальнай абрысоўкі прадметаў.

Цікава адзначыць, што эпітэты, якія ўжываюцца пісьменьнікам, па свайму зьместу даволі рэзка распадаюцца на дзьве рознародныя групы, у залежнасьці ад таго, якую катэгорыю гэрояў апісвае аўтар. Рысуючы дзеючых асоб нізкага пахаджэньня, а таксама і зьвязаныя з імі дзеяньні, мастак ужывае эпітэты, якія адзначаюць тыя ці іншыя дадатныя бакі выяўленых прадметаў; гэта такія прыклады: натуру залатую (133) (Машэка), прыгожай Бандароўне (147), стан павабны (іb.), белы грудзі (150), нязвычайны агонь у задумных вочах (217), казак дзіўных (іb.) і інш.

Наадварот, высокім гэроям надаюцца эпітэты з зьместам адмоўным; хэўраю лядачай (148), бясчэсну славу (іb.), бядзе паганай (150), дзікая пагоня (151), дзікім сьмехам (151), краважадным чынам (151), крыўды страшнай (152), бясьсільнай злосьці (152) і г. д.

Разгляд эпітэтаў у поэмах Янкі Купалы ў зьвязку з мастацкімі мэтамі, якія выконваюцца імі, прыводзіць да таго заключэньня, што ў сфэры ўжываньня іх аўтар выключна сочыць задачы эмоцыянальнай выяўнасьці. Прыклады эпітэтаў конкрэтнай уласьцівасьці адзіночны і зусім стушоўваюцца ў агульнай масе эпітэтаў эмоцыянальных.

Пасьля эпітэтаў значную стылістычную ролю ў поэмах Янкі Купалы адыгрываюць параўнаньні. Па колькасьці яны займаюць наступнае за эпітэтамі месца.

Аўтар ужывае параўнаньні выключна яўныя, г. зн. такія, якія выяўляюцца характэрнымі для іх граматычнымі формамі. Прычым з параўнаньняў гэтага парадку ён карыстаецца як бяззлучнымі, якія