Старонка:Крытыка Узвышша 1927 01.pdf/34

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная
ІV.

Стыль вывучаных твораў Янкі Купалы з боку характару і ўласьцівасьцяй выяўленчых сродкаў сьцьвярджае і дапаўняе назіраньні ў галіне сюжэтнага пабудаваньня поэм, іх композыцыі. У гэтым стасунку паміж стылем і пабудаваньнем поэм вызначаецца поўная роўналежнасьць.

Перш усяго мы спынімся на эпітэтах, якія, як гэта ўстанаўляе тэорыя літаратуры, маюць вялікае стылістычнае значэньне ў мастацкай творчасьці і займаюць сярод поэтычных прыёмаў па сваёй мастацкай значнасьці адно з першых месц. У поэмах яны таксама належаць да ліку асабліва характэрных прыналежнасьцяй яго стылю, складаючы ў колькасных адносінах сярод другіх зьявішч пераважную большасьць.

Агульная ўласьцівасьць эпітэтаў у разгляданых творах, якая асабліва кідаецца ў вочы, гэта іх адцягненасьць. Яны ўзяты альбо зусім з галіны адцягненых разуменьняў, якія недаступны нашаму зразуменьню ў конкрэтнай форме, альбо з кругу зьявішч унутраных псыхолёгічных уласьцівасьцяй, але зьявішч таксама мала акрэсьленых у сваім рэальным выяўленьні. Эпітэты гэтага парадку складаюць самую шматлікую іх групу. Па свайму характару гэтая адцягненасьць вобразаў не аднародна. У адных выпадках яна носіць абсолютны характар. Такой, менавіта, уласьцівасьці эпітэты мастак ужывае усякі раз, калі ён хоча выразіць надзвычайную ступень тэй ці іншай якасьці прадмету. Сюды належаць такія прыклады, як: весьцяў дзіўных (131), у беспрасьветнай векай мгле (131), бязьмернай дабраты (135), ненаглядненькай дзяўчыне (136), непамернай вайны (141), красой сьвятою (142), косы буйны (150-155), крыўды страшнай (152), недаступнай сьцяной (216), казак дзіўных (217), нязвычайны агонь (217) і гэтак далей.

Сярод адцягненых эпітэтаў асаблівым замілаваньнем аўтара карыстаюцца такія, як: родны, [роднай мяжы (136), родныя куты (136), вёскай роднай (140, 144), радзімай стараны (140) і г. д.), вялікі [двор вялікі (137), чары вялікай (144), вялікі мукі (151), захад вялікі (152), гульні вялікай (152), сьвет вялікі (157), і інш.], вечны [вечным агнём (144, 156), вечна хаваньне (157), адвечнае замчышча (192), курган векавечны (215)].

Другая група эпітэтаў гэтага раду носіць менш адцягнены характар. Яны маюць у сабе ўяўленьне аб некаторай частцы элемэнтаў матэрыяльных уласьцівасьцяй. Іх зьмест выклікае ў думцы ўспрыймаючага вобразы конкрэтнага сьвету, хоць яны і ня маюць у сваім абрысе яскравай дакладнасьці і рэзкай азначанасьці; гэта эпітэты: разбойнік страшны (132, 144), натуру залатую (133), пуцінамі крывымі (138), горкай долі (139), у муках страшных (140), дзіцячы думкі (142), грэшную русалку (143), добрыя весьці (іb.), сьпячага душка (146), бедным народам (146), вецер крылаты (150), зямліцы соннай (151), крыўды страшнай (152), немыя загаворы (192), дум жывых (193), душою патаптанай (195), він заморскіх (216) і г. д.

З эпітэтаў гэтага парадку аўтар часьцей ужывае такія, якія выражаюць вымер граніц. Гэткія: высокім мурам (137), дол глыбокі (144), насып высокі (іb.), рост высокі (147) і г. д.

Эпітэты адцягненыя, што ўжываюцца мастаком, служаць для мэт эмоцыянальнага парадку. Не ўладаючы фізычна адчувальнаю матэрыяльнасьцю, яны выклікаюць толькі вобразнасьць неакрэсьленую, туманную, якая запоўнена толькі эмоцыянальным зьместам.