Старонка:Крытыка Узвышша 1927 01.pdf/33

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

цэнтральнага становішча ў творы, адыходзячы на задні плян; першараднае значэньне у гэтых выпадках атрымоўваюць дзеяньні герояў першых двох радоў.

Схема першага раду яскрава выступае ў поэме "Магіла льва". Трэцім гэроем тут зьяўляецца Машэка. Ён, як было паказана раней, быў ціхім работнікам. Пакахаў прыгожую Наталку. Але тое, што бататы пан украў яе, мяняе яго жыцьцё. Ён робіцца разбойнікам і забівае потым пана, які ўкраў яго каханую ад яе, аднак, гіне і сам. Гэтыя драматычныя сувязі Машэкі ў стасунку да першых двух гэрояў і складаюць асноўную вось дзеяньня, вакол якой яно імкліва і круціцца. Сувязі-ж паміж панам і Наталкай маюць другараднае значэньне; яны на другім пляне. І іх мастак гаворыць толькі ў нямногіх словах. Яны служаць толькі дапаможным сродкам да ўзмацненьня напружанасьці галоўнага дзеяньня: бо-ж Машэка і робіцца разбойнікам дзякуючы каханьню Наталкі і пана.

Настолькі-ж актыўным і дзеля гэтага выконвае першую ролю і бядак, які знайшоў забытую скрыпку. Ён грае на ёй, рысуючы ў сваіх музыкальных лятуценьнях ідэалы шчасьлівага жыцьця. Гэтая „ігра" аб шчасьці і складае грунт поэмы. Але як вядома, народ, што заняты матэрыяльнымі клапатамі аб жыцьці, яго не разумее. У часе яго граньня хата застаецца пустою. Гэта частка дзеяньня ня значна па разьмеру; яна выступае толькі як заключэньне, дасказ поэмы.

У рэшце поэм праводзіцца плян другога парадку. У іх трэці гэрой не адыгрывае настолькі значнай ролі. Часам ён выступае ў затушаваным выглядзе. У абрысоўцы яго аблічча і становішча адчуваецца азначаная недаказанасьць.

У „Бандароўне" ў якасьці трэцяга гэроя выступае пэрсонаж колектыўнага парадку. Гэта — казакі і на чале іх бацька гэроіні—атаман Бандарэнка. Але ён зьяўляецца, як асоба актыўная, якая зьбірае "войска сільнае" супроць паноў-прыгнятальнікаў, ужо ў канцы дзеяньня, ў дасказе яго. На працягу падзей, якія папярэджваюць разьвязку, у гэтай ролі трэцяга гэроя выступаюць казакі, якія зьяўляюцца заступнікамі гэроіні, між іншым, не асабліва адважнымі і жвавымі; як вядома, яны не патрафілі абараніць яе ад пагоні Патоцкага і захаваць ад сьмерці. Дзеля гэтага дзеяньне, якое разгортваецца вакол іх, мае другараднае значэньне. Галоўная ўвага скружаецца на стасунках Патоцкага і Бандароўны.

Тая-ж схэма і ў поэмах: "Курган", "За што?" і „На куцьцю".

У першай з іх ролю трэцяга пэрсонажа выконвае той народ, які ўтварае легенды і апавяданьні аб забітым гусьляры, рэагуючы гэтым на стасункі першых гэрояў. Прычым гэты герой выступае ў самым канцы поэмы, у яе завяршаньні, дзеля таго гэта частка падзей твору мае вельмі невялікае значэньне. Увесь цэнтр увагі спунктованы на дзеяньнях першых двух персонажаў.

Другі твор у якасьці такога-ж гэроя выстаўляе зноў той-жа народ, які творыць сьлёзныя песьні аб убогай долі Юркі; з гэтым героем ў сугучнасьці і прырода, якая ў сваіх апавяданьнях аб горкай долі зьліваецца з народам, утвараючы аднаго песьняра аб роднай старане поэты.

Трэцяя поэма гэткім гэроем мае народ, аб якім вядуць гутарку князь і яго ганцы. Але сам ён не адыгрывае актыўнай ролі; аб ім толькі гавораць другія.

Адзначаныя зьявішчы сюжэтнага аб'яднаньня тэматычнага матэрыялу складаюць характэрныя і найбольш пукатыя асаблівасьці разгляданых поэм,