Старонка:Крытыка Узвышша 1927 01.pdf/32

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

„На куцьцю"—тыя неназваныя "другія", якія трымаюць народ у політычным і соцыяльным прыгнечаньні і нарэшце у "Забытай скрыпцы" — той народ, які дзякуючы свайму агрубеньню і цемры не разумее слоў музыкі, якая імкнецца расказаць яму лятуценьні аб шчасьлівым, асмысьленым жыцьці.

Гэрой другога раду—антыпод першага—або жанчына-дзяўчына Наталка ("Магіла льва"), прыгожая Бандароўна („Бандароўна") альбо мужчына-гусьляр ("Курган"), Юрка ("За што?"), князь і яго прыбліжаныя ("На куцьцю"). У поэме "Забытая скрыпка" гэрой гэтага парадку сымболізуецца тою цудоўнаю скрыпкаю, якую знайшоў бядак. Усе гэроі гэтага раду―выхадцы з простага сялянскага люду. Нават "Забытая скрыпка" аказваецца

Доўга пад трамай ляжала
Сьцішна ў вясковым жыцьці...

Узаемныя адносіны гэтых герояў двох радоў у пералічаных поэмах розныя. У большасьці выпадкаў першы з гэтых персонажаў імкнецца да таго, каб устанавіць тую ці іншую сувязь з другім, але часта спатыкае рашучы адпор, які і складае грунт фабульнага руху поэм.

Патоцкі ("Бандароўна") хоча заўладаць Бандароўнаю, але натыкаецца на рашучы адпор; вынікам гэтай сутычкі зьяўляецца сьмерць гэроіні.

Князь з поэмы "Курган" запрашае да сябе для забавы гусьляра і просіць яго прасьпяваць яму свае песьні. Гусьляр сьпявае яму песьню, у якой выкрывае розныя цяжкія злачынствы князя. У выніку сьмерць гусьляра.

„На куцьцю" падкрэсьлівае супраціўнасьць паміж духамі мінулага—князем і яго ганцамі—і тымі "другімі", якія пануюць над іх народам.

Поэма „За што?", якая пабудавана на яскрава соцыяльнай аснове, захоўвае тую-ж схэму адносін між гэроямі, толькі надае ёй адпаведную соцыяльна-гаспадарную афарбоўку. Стары пан даў магчымасьць селяніну Юрку Дзягелю стаць заможным і пажыць у дастатку. Новы пан, які зьмяніў старога, праганяе Юрку з яго гаспадаркі. У гаспадарчым стасунку ён аказваецца мерцьвяком. Соцыяльна ён з моцнага селяніна робіцца пролетарам.

Некалькі іншыя стасункі паміж паказанымі гэроямі ў поэме „Магіла льва“. Тут няма супраціўнасьці паміж імі. Наадварот, устанаўляецца на грунце пачуцьця вядомая псыхолёгічная сувязь. Багаты пан знаёміцца з дзяўчынай Наталкай, пакахаў яе і, карыстаючыся яе ўзаемнасьцю, бярэ яе да сябе. Але гэты контакт двух гэрояў значна ўзмацняе варожасьць у дачыненьні іх да трэцяга, што і прыводзіць да трагічнага канца.

У "Забытай скрыпцы" адчужанасьць і варожасьць падкрэсьліваецца тым, што народ не хацеў слухаць песень на скрыпцы аб шчасьці жыцьця.

Гэрой трэцяга раду—рознастайны. Ён аказваецца антыподам у стасунку да першага дзеля тых ці іншых сувязяй, якія існуюць паміж дзьвюма першымі асобамі.

Аднак, апроч таго ён процілежны і па свайму соцыяльнаму становішчу. Яго варожасьць да антыпода, аднак, рознай напружанасьці і якасьці. У адных выпадках яна выражаецца ў рэзкай і яскравай форме, складаючы галоўную спружыну ўсяго дзеяньня і надаючы другараднае значэньне адносінам першых двох персонажаў. Апроч таго, гэрой гэтага раду аказваецца цэнтральнаю асобаю усяе поэмы. Наадварот, у другіх яна мае менш напружаны характар і не займае настолькі