Старонка:Крытыка Узвышша 1927 01.pdf/2

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Першай з гэтых трох пес Я. Купалы, якія напісаны для сцэны, лічыцца "Паўлінка. Сцэны з шляхоцкага жыцьця ў двох актах". Гэта — невялікая комэдыйка, якая напісана бяз усякіх пратензій на навізну ў драматычнай архітэктоніцы, але тым ня менш вельмі цікавая нават і ў чытаньні.

Крыніца яе зьместу — быт дробнай шляхты з яе асаблівай псыхікай і яскравай сочнай мовай; гэты быт быў знаёмы аўтару з дзіцячых гадоў, і ў абставінах яго ён лёгка мог знайсьці адпаведную фабулу, якую і выкарыстаў, як канву для лёгкай комэдыі. Адсюль склаўся сюжэт гэтай п'есы, вельмі просты і на першы погляд некалькі шаблённы. Паўлінка, дачка Крыніцкіх, кахае мясцовага настаўніка Якіма Сароку і карыстаецца ўзаемнасьцю; але адносіны бацькі да Сарокі ― варожыя, як не да шляхціца, а мужыка, ды да таго-ж і чалавека вольнадумнага і "забастоўшчыка" (як ён яго называе), і ён хоча аддаць дачку за дурнаватага, але заможнага шляхціца Адольфа Быкоўскага. Гэта звычайнае у комэдыях і водэвілях нешчасьлівае каханьне вырашаецца, аднак, ня шлюбам па прымусу і не шчасьлівым шлюбам, а нечаканай драмай: у той момант, калі Паўлінка рыхтуецца ўцячы з бацькаўскага дому, каб патайна ўзяць шлюб з сваім каханым, яна даведваецца, што Якім Сарока арыштаваны як політычна неблаганадзейны. Паўлінка, глыбока ўзбураная, падае ў вобмарак; яе бацькі ў імбарасе топчуцца каля яе; пан Быкоўскі, які зусім выпадкова ўпутаўся ў гісторыю пабегу Паўлінкі і прыняты за жаніха — "пахіціцеля" нявесты і нават за злодзея, з пазорам выганяецца з дому.

Такім чынам, сюжэтная апрацоўка звычайнай для шмат якіх комэдый фабулы (нешчасьлівае каханьне і шлюб па прымусу) пад пяром Я. Купалы набывае асаблівы выгляд: колізія каханьня канчаецца драматычна; пры гэтым, драматычнасьць разьвязкі больш ускладняецца грамадзка-політычным мотывам (арышт Якіма Сарокі). Але нельга сказаць, каб аўтару ўдалося разьвярнуць гэты добра задуманы сюжэт з выстарчаючай выразнасьцю: для чытача і гледача п'есы застаецца нявырашаным пытаньне аб тым, што-ж вышла з усёй гэтай драматычнай сытуацыі,—ці распаўся канчаткова шлюб па прымусу, ці ўтрачана канчаткова магчымасьць шлюбу па каханьню, і які наогул далейшы лёс гэрояў гэтай маленькай драмы,— нечакана, сярод няскончанага шляху драматычнага дзеяньня, кінутых аўтарам на лёс дагадак чытачоў. Самае разьвіцьцё сюжэту ня ўкладзена ў звычайныя рамкі драматургічнай композыцыі: лепей усяго выканана завязка дзеяньня ў першым акце; слабей распрацавана разьвязка, якая выклікае шэраг зазначаных вышэй запытаньняў, і зусім амаль не паказана разьвіцьцё інтрыгі, г. з., сярэдняя композыцыйная частка, таму што другая сцэна п'есы, сама па сабе вельмі жывая, але ўся запоўнена зарысоўкай частаваньня ў Крыніцкіх і іх гасьцей, не дае аўтару належнага прастору для экспозыцыі ўзаемаадносін паміж галоўнымі гэроямі п'есы і для экспозыцыі тых абставін, якія падрыхтоўваюць нечаканы сумны канец усёй інтрыгі.

Пры гэтых недахватах драматургічнай архітэктонікі — у мастацкай апрацоўцы п'есы ёсьць і вялікі плюс: гэта — экспозыцыя быту і характараў, якая зроблена аўтарам яскрава, жыва і конкрэтна. Ня гледзячы на свой невялікі памер, п'еса дае шэраг яскравых тыповых зарысовак і вобразаў.

Экспозыцыя быту праводзіцца аўтарам ня толькі шляхам непасрэдных зазначэньняў да паасобных момантаў вонкавых сцэнічных абставін (у абодвух актах), але галоўным чынам цераз саміх дзеючых асоб у іх гутарках, дзеяньнях і наогул ва ўсёй дынаміцы п'есы. Сьвят-