Старонка:Крытыка Узвышша 1927 01.pdf/29

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

У рамках апавяданьня аб падзеях мастак, як зазначалася, ня раз устаўляе і мотывы "пабочных" наўваходных уласьцівасьцяй, але яны не парушаюць агульнай пасьлядоўнасьці апавяданьня і плаўкасьці цячэньня падзей. Яны шчыльна зьвіваюцца з тымі "сьценкамі", што іх абкружаюць.

Усе гэтыя мотывы шчыльна прылягаюць да агульнага ходу апісаньня дзеяньня, бо як папярэдняе да іх апавяданьне, так і наступнае, у дачыненьні сваёй тэматыкі, выражае тую-ж ідэёвасьць, што і ўступныя часткі. Так, напрыклад, у поэме "Магіла льва" ўводны мотыў аб помсьце ўстаўляецца ў агульную плынь думак, не парушаючы іx парадку і паступовасьці. Страфа, якая папярэджвае гэты мотыў закончваецца апавяданьнем аб цяжкім імсьцівым стане Машэкі:

З дня ў дзень хмурней ён станавіўся,
Расла ў ім помста, як зьмяя,—
І сам, як гадзіна, ў ёй віўся,
Ў жыцьці ня бачачы пуцьця.

Далей ідзе самы мотыў, які пачынае новы разьдзел поэмы:

Што ёсьць на сьвеце горш ад помсты і г. д.

Наступнае выкладаньне зноў варочаецца да дзеяньня, працягвае тую-ж думку аб помсьце, даючы, такім чынам, адзінае бесьперарыўнае апавяданьне:

Засела так яна ў Машэкі
І суладаць з ёю ня мог,
Крыві-б пусьціў, здаецца, рэкі
І ў іх-бы з крыўдай сваёй лег.

Заключная частка поэм, іх дасказ, які складае самастойную кампонэму сюжэтнага пабудаваньня, у ідэйным дачыненьні таксама прылягае да агульнага зьместу твораў, працягваючы адзіную бесперарыўную занізку апавяданьня.

Поэма "Магіла льва" у сваёй асноўнай частцы канчаецца апавяданьнем аб тым, як на "Магіле льва", г. зн. Машэкі, вырасла места Магілеў, як каля яго ўзвышаецца гара:

Яе Машэкавай завуць.

Далей наступае дасказ, які, зьмяшчаючы ў сабе апісаньне малюнку прыроды, ідэёва зьвязаны з агульным зьместам:

ціха, ціха на гары тэй
Чарнеюць пліты і крыжы,
То летнім сонейкам сагрэты,
То зьзябшым ўзімку, ў маразы.
Падчас вясной заблудзіць птушка.
Зазвоніць песенькай сваёй.
Павесялее сьпяча душка,
Ды ўзноў засьне яшчэ мацней.
А пад гарой Дняпровы хвалі
З вясны да восені шумяць
І штось гавораць цёмнай далі
А што?—нам грэшным не паняць!

Такім чынам асноўныя часткі сюжэтнага пабудаваньня—зачын, апісаньне дзеяньня і дасказ—уяўляюць сабою хронолёгічна паступовы малюнак, у якім асобныя часткі ідуць адна за аднэй у строгай пераемнасьці як часовай, так і лёгічнай.

Але ў межах эпічнага апавяданьня ёсьць такога роду элемэнты, якія, не парушаючы суцэльнасьці твораў, характарызуюць, аднак, ужо іншыя ўласьцівасьці іх. Гэта прысутнасьць у поэме стыхіі лірычнай і