Старонка:Крытыка Узвышша 1927 01.pdf/28

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Зачын поэмы "На куцьцю" служыць малюнкавым фонам, на якім разгортваецца падзея фабулы (асновы). Сувязь між імі падкрэсьліваецца і тэматычным дубальтаваньнем двух думак, з якіх адна заканчвае ўводзіны, а другая адчыняе дзеяньне. Канец выражаецца ў гэтых словах:

І тут і тамка свой прыгон
Распасьцірае царства ночы;
Салодкі сон, магільны сон
Сьмяецца сьвету ўсяму ў вочы.

Пачатак "падзей" адчыняецца словамі:

Запыла ўсе, замёрла ўсё,—
Ня сьпіць адвечнае замчышча:
Там пачынаецца жыцьцё
Ў вагнях старога папялішча.

У тым і другім выпадку ў рознай слоўнай форме выяўляецца начная цішыня, спакой, сон. Тэматычна, дзякуючы гэтаму, абедзьве часткі стаяць вельмі блізка адна да другой.

У поэме "Бандароўна" уверцюраю зьяўляецца вобраз адмоўнага параўнаньня:

Ня віхор калыша лесам,
Не ваўкі заводзяць і г. д..

а прадмет яго складае ўжо пачатак самой асновы:

На Украіне пан Патоцкі,
Пан з Канёва родам,
З сваёй хэўрай гаспадарыць
Над бедным народам.

Апісаньне дзеяньня поэмы ў компазыцыйным дачыненьні, уяўляе сабою паступовае, хронолёгічнае выяўленьне падзей, якія ўтвараюць фабулу іх. Кожны факт шчыльна зьвязан з папярэднім і наступае за ім у парадку часовай пераемнасьці. Агульная схэма ўсіх поэм у гэтым выпадку будуецца па наступнаму пляну.

"Магіла льва": 1. Каханьне Машэкі да Наталкі. 2. Машэка знаходзіцца ў адсутнасьці; у гэты час Наталка гіне. 3. Яе пакахаў пан, і яна перайшла да яго. 4. Машэка робіцца разбойнікам і забівае пана. 5. Наталка помсьціцца за гэта і забівае Машэку. 6. Магіла Машэкі—магіла льва; на гэтым месцы цяпер м. Магілеў.

"Бандароўна": 1. Пан Патоцкі пануе на Украіне. 2. Бандароўна, дачка Бандарэнкі з Берасьцечка, лічыцца найпрыгажэйшаю ў вакрузе. 3. Патоцкі прабуе ўзяць яе, але спатыкае рэзкі адпор. 4. Бандароўну прыводзяць да пана і ён забівае яе. 5. Пахаваньне Бандароўны.

„Курган": 1. У гордага недаступнага князя банкет. 2. Дзеля забавы ён запрашае гусьляра. 3. Гусьляр сьпявае госьцям песьні, у якіх выкрывае няпраўду князя. 4. Сьмерць гусьляра; на яго магіле курган.

"За што?": 1. Селянін Юрка, па прозьвішчы Дзягель, пасяліўся на новым месцы. 2. Дзякуючы напружанай працы, ён організуе сваю гаспадарку і жыве ў дастатку. 3. Але цераз 40 год новы пан вымагае ад Юркі выдаленьня з занятай ім зямлі. 4. Ідуць суды, і Юрка робіцца бедаком; яго высяляюць з наседжанага месца.

"Забытая скрыпка": 1. Народны пясьняр выпадкова знаходзіць у хаце селяніна забытую скрыпку. 2. Ён грае на ёй аб шчасьці жыцьця. 3. Але песьні не знайшлі водгуку ў сэрцы народу; ён пакідае яго, і пясьняр застаецца незразумелым.

"На куцьцю": 1. У замку, ноччу, аднойчы ў год, духі мінулага зьбіраюцца на куцьцю. 2. Выхад князя і княжны. 3. Размова князя аб штогодных зборах іх на куцьцю. 4. Размовы ганцоў аднаго за другім. 5. Другая адказная размова князя. 6. Банкет і канец яго у поўнач.