Старонка:Крытыка Узвышша 1927 01.pdf/30

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

драматычнай. Тая і другая ўносяць у апавяданьне момант эмоцыянальнага ўсхваляваньня і ўласнай зацікаўленасьці аўтара.

Лірызм апавяданьня выступае на сцэну ў тых выпадках, калі асобныя моманты дзеяньня поэм дасягаюць свайго найвышэйшага разьвіцьця і вялікай напружанасьці. У гэтых выпадках апавяданьня служыць адным з сродкаў іх слоўнага выражэньня.

Асабліва характэрны рысы лірызму ў поэме "Бандароўна", дзе лірычная манера яны прадстаўлены ў большай колькасьці выпадкаў, чым у рэшце твораў.

Першы выпадак лірычнай зацікаўленасьці аўтара выступае ў момант зьяўленьня Бандароўны на арэне дзеяньня, калі прыгожасьць яе дасягае найвышэйшай чароўнасьці.

У гэтую рашучую мінуту поэта асабіста зварочваецца да гэроіні:

Ой, гуляй-жа, Бандароўна.
З вечару да ранку!

жадаючы падкрэсьліць прызначаньне хараства для весялосьці, яшчэ раз яго вышыню і значнасьць.

Альбо далей―калі пан Патоцкі прыходзіць у карчму і калі становішча завастраецца, бо

найгорай к Бандароўне
Ён прыстаў абрыдка;
Цалаваць, абняці хоча,
Ажно глянуць стыдна.

Поэта нанова праяўляе вялікую зацікаўленасьць у лёсе сваіх гэрояў і, зварочваючыся да Патоцкага, лірычна выклікае:

Асьцярожна, пан Канёўскі!
Будзе ліха, будзе,
Не забудзься, што сумленьне
Ёсьць і ў простым людзе! і г. д.

У некаторых выпадках лірызм апісаньня сказваецца настолькі патрэбным, што ён заменьвае сабою другую стыхію драматычную. Па ходу апісаньня чытач чакае, што на пытаньні адного з гэрояў будзе адказваць другі; другімі словамі, поэта павінен перайсьці да дыалёгу, г. зн. да драматычнай манеры апавяданьня, але, дзякуючы тэй-жа ўласнай зацікаўленасьці да сваім персонажаў, ён нечакана пераходзіць да лірычнай.

У тэй-жа поэме Патоцкі, зварочваючыся да прыведзенай у яго „сьвятліцу“ Бандароўны, задае ёй пытаньні:

Ну, што воліш сабе выбраць,
Пышная паненка:
Ці ў бяседзе засядаці
Вось пад гэтай сьценкай.
_______
І са мною піць, гуляці,
Ночкі каратаці?
Ці навекі косьці парыць
У зямельцы-маці?

Заместа гэроіні у гэты рашучы момант яе жыцьця адказвае сам мастак:

Не такую, ясны пане,
Бачыш прад сабою,
Што захоча чэсьць і славу
Прадаваць з табою...
Не прадасьць яна дзявоцтва,
Як ты, пан, сумленьня;
Твае ўгрозы ёй нястрашны,
Нястрашна цярпеньне...