Старонка:Крытыка Узвышша 1927 01.pdf/25

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Адным з гэтых паданьняў і зьяўляецца фабула, якая палягае ў аснове ўсяго твору.

Другім мотывам такога-ж характару ў поэме зьяўляецца той, які вызначае існасьць каханьня. Гэта складанае пачуцьцё малюецца ў гэткіх рысах:

Каханьне лёгкая прынада
Для сэрцаў чуткіх, маладых.
Хоць-бы гнязьдзілася ў ім здрада,
Хоць гэта-б яду быў кяліх.
Усе мы п'ём яго з дурноты,
Жывём ні явай і ні сном.
А прападзе к яму ахвота,
Тады—па часе ўжо—плюем...

У зьвязку з гэтым мотывам, некалькі далей разьвіваецца другі,— які кажа аб беларускай дзяўчыне, аб яе прыгожасьці фізычнай і духоўнай. Малюючы гэтыя рысы, яе, мастак, як і раней, бярэцца за апісаньні іх у адцягненых фарбах, якія ўзводзяць гэты об'ект мастацкага выяўленьня па недасяжную вышыню: тыя якасьці, якія мае беларуская дзяўчына, настолькі высокія, што, па думцы аўтара, іх можна знайсьці толькі ў бога:

О, шмат прыгожанькіх дзяўчатаў,
Старонцы нашай бог прыдбаў!
Царэвіч ехаць мог-бы ў сваты
К ёй не аднэй, каб толькі знаў.
Душы і сэрцайка такога,
І тэй бязьмернай дабраты
Шукаці хіба толькі ў бога,—
Ў другіх людзей ня знойдзеш ты.
На беларускую дзяўчыну,
Калі тут праўду ёй аддаць,
Ніхто йшчэ каменем ня кінуў
І не паважыцца кідаць.

Далейшыя мотывы гэтага-ж парадку, якія ёсьць у поэме, датычацца тэм псыхолёгічных уласьцівасьцяй. Гэта мотывы аб хітрасьці людзей, аб помсьце і аб асьвятленьні агрубелага чалавека.

Першы з іх разглядае існасьць выяўленага пачуцьця і яго ўплыў на чалавека:

Людзкая хітрасьць даніманьнем
Патрапіць шмат зла натварыць,
Калі прыкінецца сьвятляным
Сьвятлом, што праўдаю гарыць
Душу вам лёстачкамі выйме,
І павядзе на павадку
Яе пуцінамі крывымі
І ўжо ня ўскрэснуць бедаку.

Тое-ж здарылася і з гэроіняю поэмы.

Другі зьмяшчае ў сабе разважаньне аб помсьце з тых-жа бакоў, што і ў папярэднім выпадку:

Што ёсьць на сьвеце горш ад помсты,
Што знойдзеш ад яе страшней,
Каго ня згоніць з сьцежкі простай.
Ня укіне у цьму, за ноч цямней?
Душу і думы атумане,
Ачэпіць зводным павуцьцём.
І распасьцяжыць уладаньне
Над целам над усім жыцьцем.
Засела так яна ў Машэкі...

Нарэшце, апошні выкладае думку аб наяўнасьці ў чалавека вышэйшых разуменьняў аб абычайным законе і аб панаваньні іх у нату-