Старонка:Крытыка Узвышша 1927 01.pdf/24

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Другі перадае:

А як чапнуў стралой аб лук,
Яны скрануліся ў прассоньні,
І столькі, столькі крэпкіх рук
К маёй націснулася броні.
За мною ўсьцяж, і тут, і там
Іх вусны бледныя шапталі;
Аддайце славу нашу нам!
Нашто схавалі-расхваталі?

І, нарэшце, трэці ганец апавядае:

А як я ўдарыў па струне,
Замятушыліся, як пчолы,
І на гары, і нізіне
Мне падавалі голас кволы.
За мною усьцяж, і тут, і там
Іх вусны бледныя шапталі:
Аддайце песьню нашу нам!
Нашто схавалі-расхваталі?

На шляху да „інакшых" умоў быцьця гэты-ж народ выяўляе і больш актыўныя імкненьні. Пераносячы пакорна ліхія гадзіны жыцьця, ён адначасна з гэтым выражае і свой протэст супроць іх, пасылаючы пракляцьці прыгнятальнікам жыцьця („Магіла льва", "Бандароўна" гл. вышэй). Часамі-ж ён і актыўна бярэ ўдзел у барацьбе за праўду жыцьця, бо

Шмат цярпець народ умее,
Умее і памсьціцца,
Як дадзене вельмі крыўда,
Як зло разгасьціцца.

Вестка аб трагічнай сьмерці Бандароўны ("Бандароўна") ад рукі пана Патоцкага перапоўніла келіх народнага цярпеньня:

Зашумела Україна—
Гора паном, гора!..
Задымелі у пажарах
Панскія сялібы,
Палілася кроў ракою
На лугі, на скібы...

Апроч пералічаных мотываў—абстановачных і пэрсонажных, у поэмах, што вывучаюцца, ёсьць яшчэ і мотывы іншага парадку. Гэта—мотывы ўстаўныя. Яны разьвіваюць тэмы рознага характару—бытавога, моральнага, псыхолёгічнага і г. д. Называючы іх устаўнымі, мы ня хочам падкрэсьліць іх незалежнасьць сярод другіх мотываў ужо разгледжаных намі. Як будзе відно з далейшага выкладаньня, у композыцыйным дачыненьні яны шчыльна прылягаюць да першых, складаючы разам з імі адно бесьперарыўнае цэлае. З пунту гледжаньня тэматычнага, гэтыя ўстаўныя мотывы зьяўляюцца больш падрабязным разьвіцьцём думак, кінутых між іншым, у межах мотываў альбо абстановачных альбо пэрсонажных.

Больш усяго гэткіх мотываў ёсьць у поэме "Магіла льва". Яна адчыняецца такім, менавіта, устаўным мотывам, які трактуе пытаньне аб народным паданьні і яго лёсе. Мінулае нам пакідае шмат розных паданьняў, з якіх, аднак, застаюцца ня шмат якія:

Нам продкаў кемнасьць захавала
Шмат весьцяў дзіўных з быўшых год.
Хоць гэтых весьці ўжо нямала
Ў няпамяць кінуў сам народ.
Усё-ж яшчэ штось засталося
Унукам з прадзедаў жыцьця...
Няхай-жа гэтыя калосься
Мінуць скараньне нябыцьця!