Старонка:Крытыка Узвышша 1927 01.pdf/26

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ры, ня гледзячы на тое, што часам чалавек можа падупасьці да агрубеньня і нават азьвярэньня. Гэткі стан перажыў і гэрой поэмы:

Як чалавек не азьвярэе
З якіх там колечы прычын.
Надойдзе час і азарэе
Яго душа хоць міг адзін.
Чуцьце прабудзіцца людзкое,
Дабро ў сэрцы ажыве,
І зацьвітуць красой сьвятою
Дзіцячы думкі ў галаве.

З рэшты поэм устаўны мотыў ёсьць толькі ў поэме „За што?" Менавіта, пачатак яе разьвівае пытаньне аб народнай песьні, аднэю з якіх, уласьціва, зьяўляецца і самы твор. У азначаным выпадку роля гэтага мотыву такая-ж, што і ў пачатковых строфах поэмы "Магіла льва". Гэтыя песьні апавядаюць аб тэй крыўдзе, аб тэй горкай долі, у якой жыве народ; дзякуючы гэтаму яны асабліва каштоўны для мастака:

Oй мае вы песьні,
Песьні весялушкі!
Будзьце мне слухмяны
Вы, мае пяюшкі.
Ці я сам у полі.
Ці я дзе з людзямі:
Цяжка мне, нялёгка,
Калі я ня з вамі...
Гаварэце, думкі,
Пакуль сонца ходзе,
Аб маёй старонцы,
Аб маім народзе.
Хай нясецца жальба
Там, гэй, на прывольле
Аб тэй нашай крыўдзе,
Аб тэй горкай долі!
Можа хто пачуе
Розгалас прастачы,
Ўстане і прагляне,
Ўсю няпраўду ўбача.

Прыведзеныя тэмы і мотывы вычэрпваюць асноўныя моманты тэматычнага боку поэм, якія вывучаюцца.

ІІІ

Сюжэтнае пабудаваньне разгледжаных мотываў мае ў сабе адзнакі сынкрэтызму літаратурных жанраў, наяўнасьць у іх апавяданьнях стыхій эпічнай, лірычнай і драматычнай. У гэтым выпадку поэмы Я. Купалы маюць тыя, менавіта, уласьцівасьці, якія зьяўляюцца характэрнымі наогул для гэтага віду мастацкае творчасьці.

Пануючым аказваецца момант апавядальны, эпічны. Ён абымае сабою значную частку мотываў, якія ўваходзяць у склад поэм. Абставіны і ход дзеяньня, характарыстыка дзейных асоб, устаўныя мотывы, усё гэта апранута ў эпічную форму. Рух апавяданьня ў гэтай частцы поэм носіць павольны, паступовы характар. У сваім апавяданьні аўтар паступова пераходзіць ад апісаньня аднаго факту да другога ў іх паступовай хронолёгічнай пасьлядоўнасьці аднаго за другім. Раптоўнасьць дзеяньня, абрыўнасьць і недаказнасьць у выкладаньні зусім ня маюць месца. У гэтым выпадку поэмы больш блізкія да гэроічных эпопей клясычнага стылю, як да поэм романтычных альбо лірычных, якія маюць іншы — больш шыбкі, усхваляваны, менш паступовы тэмп выкладаньня.