Старонка:Крытыка Узвышша 1927 01.pdf/21

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

І праца яго не дарэмная:

Сорак лет так Дзягель
Жыў ня у кепскім стане...

Гусьляр у поэме "Курган", як і належыць народнаму баяну, выводзіцца ў вобразе романтычна-фантастычным, які збліжае яго з гэроямі байкі, і ў паасобку нагадвае мітычнага песьняра клясычнай старажытнасьці—Ортэя.

Ўвакруг гэтай душы дудара-званара
Казак дзіўных злажылась німала.
Кажуць, толькі як выйдзе і ўдарэ як ён
Па струнах з неатступнаю песьняй,—
Сон злетае с павек, болю цішыцца стогн,
Не шумяць ясакоры, чарэсьні;
Пушча-лес не шуміць, белка, лось не бяжыць,
Салавей-птушка ў той час сьціхае;
Паміж вольхаў рэка, як што дзень, не бурліць,
Паплаўкі рыба-плотка хавае.
Прытаіцца да моху русалка, лясун;
Каня вечнага «піць» не заводзе;
Пад звон-песьню жывучых гусьляравых струн
Для ўсіх папараць-кветка ўзыходзе.

Той-жа романтычны колёрыт пануе і ў вобразе князя з поэмы „На куцьцю". Гэты герой баечна прыгожы:

Краса б'е з князеўных зарніц, Як блеск маланак развуглёны...

Усіх званых з блізку і здалёк
Саколім вокам князь акінуў.

Іншымі ўласьцівасьцямі адрозьніваюцца гэроі процілежнага соцыяльнага раду. Мастак вылучае ў іх характарах выключна адмоўныя рысы, выводзячы іх пры дапамозе тых-жа прыёмаў апісаньня, як і ў папярэдніх выпадках, г. зн. простай характарыстыкі. У некаторых выпадках ён ужывае і характарыстыкі ўкосныя, калі апавядае аб тых дзеяньнях гэрояў, якія служаць яскравым паказьнікам галоўнай якасьці іх натуры.

Баярын у поэме "Магіла льва" характарызуецца словам і аўтара ў такіх выразах:

Баярын тамка жыў багаты,
Яшчэ лятамі малады,
Да сваевольства быў заўзяты.
Пасвойму час губляў з нуды.

Усюды броіў самазбродам,
Тварыў закон свой і свой суд
Над абнядоленым народам,
Што збыць ня меў сіл сваіх пут.

Паціху толькі ў вёсках людзі
Маркотну гутарку вялі
Аб крыўдах тых, што ім на грудзі
Праз пана каменем ляглі.

Ён, такім чынам, багаты, малады, але свавольны і надта дэспотычны ў дачыненьні да народу, які адчувае гэтую крыўду з вялікім цяжарам.

Такі-ж і пан Патоцкі ў поэме „Бандароўна". Ён багаты, дужы, але люта правіць народам, які сярод стогнаў шле яму свае праклёны:

На Ўкраіне пан Патоцкі,
Пан з Канёва родам,
З сваёй хэўрай гаспадарыць
Над бедным народам.