Старонка:Крытыка Узвышша 1927 01.pdf/22

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Дзе заедзе, банкятуе
Сам ён, яго варта,
Ні старому, ні малому
Ня спускае жартаў.

Калі-ж дзе ўпадзе у вока,
Хараство дзявоча,—
Абняславіць, абнячэсьціць,
Бацьку плюне ў вочы.

Стогне змучана Ўкраіна,
К небу шле пракляцьце,
Дый Патоцкага збаўляе
Хэўра і багацьце.

Аднолькавы і князь у „Кургане"; ён грозны, недаступны, люты з народам, для якога застаецца толькі адно—праклінаць яго:

Князь у хораме жыў, слаўны сьвету ўсяму,
Недаступны і грозны, як хорам;
Хто хацеў, не хацеў—біў паклоны яму;
Спуску, ласкі не знаў непакорам.
Зневажаў, катаваў ён з дружынай сваей;
Стражы князевы ў полі і дома;
Толькі модлы расьлі небу ў сэрцах людзей,
І пракляцьце расло пакрыёма,

Несправядлівасьць, якая пераходзіць у лютасьць, укосна адзначаецца і ў характары маладога пана ў поэме "За што?", які прыехаў пасьля сьмерці старога "пана" і загадаў Юрку Дзягелю выбірацца з свае гаспадаркі на панскай зямлі.

Пэрсонажы жаночага роду характарызуюцца ў тых-жа памерах і фарбах, што і гэроі першага парадку. Мастак адзначае зноў рысы ідэалізуючага парадку, галоўным чынам, прыгожасьць гэраінь. Стыль-жа абрысоўкі — яскрава романтычны. Асобныя драбніцы, якія адзначаюць тыя ці іншыя рысы дзеючых асоб маюць то яскрава конкрэтны характар, то рэзка адцягнены.

Наталка з "Магілы льва" малюецца фарбамі, узятымі з блізкага акружаючага нас жыцьця, але рысуецца толькі яе знадворная прыгожасьць:


Наталька ў вёсцы між сваімі
Найпрыгажэйшаю была,
Грудзямі, шчочкамі, вачымі,
Як мак між макамі цьвіла.

Павеўна, як дасьпелы колас,
Ішла наперад у танок,
З грудзей гарачых звонкі голас
Зьмяняда ў песьню—як званок.

Прыхільна хлопцы аглядалі
Яе павабны гібкі стан,

Але разам з гэтым вобраз, які характарызуе яе вочы, адцягненай уласьцівасьці. Машэка імкнуўся:


Наталку любую сустрэці,
Аджыць агнём яе вачэй,
Бо гэткіх вочак на ўсім сьвеце
Ён ня сустрэў ані у ваднэй.

Гэткія-ж уласьцівасьці выяўленчых сродкаў ў характарыстыцы прыгожасьці Бандароўны; спачатку—рысы адцягненай уласьцівасьці. У гэроіні:

Хараства такога ў сьвеце
Ня было, ня будзе;
Аб ёй людзі гаварылі,
Як аб нейкім цудзе.