Старонка:Крытыка Узвышша 1927 01.pdf/1

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная
Проф. І. Замоцін

БЕЛАРУСКАЯ ДРАМАТУРГІЯ

I

Драматычныя творы Я. Купалы

Беларуская драматычная творчасьць параўнаўча мала прыцягвае ўвагу літаратурнай крытыкі. Між тым разьвіцьцё беларускага дзяржаўнага тэатру, які за апошнія гады шырока разьвярнуўся, як у галіне чыста сцэнічных дасягненьняў, так, у прыватнасьці, і ў сфэры падбору рэпэртуарнага матэрыялу, ставіць перад беларускай драматургіяй усё новыя і новыя задачы, а перад беларускай літаратурнай крытыкай—усё новыя і новыя пытаньні аб шляхох беларускай драмы,—аб шляхох, ня толькі ўжо пройдзеных, але і якія яшчэ толькі вызначаюцца ў сувязі з ростам беларускага тэатральнага мастацтва.

Другая прычына, дзякуючы якой беларуская драматургія павінна зьвярнуць на сябе большую ўвагу крытыкі, гэта слабае разьвіцьцё гэтага літаратурнага жанру ў практыцы беларускай творчасьці параўнаўча з іншымі відамі мастацкай літаратуры. На самай рэчы, у той час, калі беларуская лірыка і эпіка знайшлі сабе таленавітых прадстаўнікоў і ў групе нашаніўцаў і ў групе сучасных беларускіх пісьменьнікаў,—беларуская драматургія прадстаўлена далёка ня так удачна і ня так плённа ў той і другой групе. Гэта зьява таксама павінна выклікаць у крытыцы асаблівую ўвагу да беларускай драматургіі, як да такога віду творчасьці, які патрабуе ня толькі звычайнага крытычнага агляду, але нават і спэцыяльнага аналізу, які накіроўваў-бы далейшы росквіт гэтага літаратурнага жанру.

Гэтыя нарысы выкліканы якраз гэтымі меркаваньнямі. Пры гэтым выбар таго ці іншага драматурга, які ўвайшоў у нарысы, абумоўлен ня столькі якім-небудзь хронолёгічным або тэматычным парадкам, колькі позыцыяй гэтага драматурга ў беларускай літаратуры. Я хачу сказаць, што выдатныя беларускія пісьменьнікі, якія пробавалі свае сілы ў драматургіі, цікавілі мяне ў гэтым выпадку ў першую чаргу. Вось чаму я пачынаю свае нарысы з Янкі Купалы.

_________

Янка Купала пераважна лірык, але яго цікавіць і эпіка і драма. Але таму што лірычная творчасьць у яго стаіць на першым пляне, дык жанры эпічны і драматычны ён часамі ўвязвае ў лірыку; адсюль некаторы ўхіл яго якраз да ліраэпічных і да лірадраматычных твораў. Сюды, напр., належаць дзьве яго драмы-поэмы: "Адвечная песьня" (1908) і "Сон на кургане" (1910), дзе ў драматычных сцэнах і абразох аўтар зарысоўвае чалавечае жыцьцё і свае да яго адносіны. Гэта—ня драмы па композыцыі, але гэта, бязумоўна, падыходы да драматычнай формы, якая, няйначы, цікавіла поэту. І ён хутка-ж спэцыяльна да яе зьвярнуўся, напісаўшы ў 1912 годзе „Паўлінку“ і ў 1913 годзе — "Раскіданае гняздо". Трэці буйны драматычны твор зьявіўся пазьней, у 1924 годзе; гэта— "Тутэйшыя".