Старонка:Крытыка Узвышша 1927 01.pdf/19

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

У поэме "Бандароўна" рысуюцца ўцёкі Бандароўны ад прасьледваньня дружыньнікаў пана Патоцкага на фоне ветранай ночы:

Уцякала Бандароўна
Ў поле з цёплай хаты,
Абымала яе ночка.
А вецер крылаты
Расплятаў ёй косы буйны,
Песьціў белы грудзі;
Болей жалю меў над ёю,
Як якія людзі.

Такія-ж вобразы ёсьць у той-жа поэме: заключэньне V разьдз.; Бандароўну схвацілі:

Пацягнулі нешчасьліву
На вялікі мукі,
Ночка цёмная глядзела
Ды цямнейшай стала,
Адна зорка мігацела
І тая прапала.

Або ў пачатку гэтага-ж твору даецца мімалётны малюнак, які ўваходзіць у склад адмоўнага параўнаньня і таксама зьяўляецца ўступнаю часткаю агульнага фону:

Ня віхор калыша лесам,
Не ваўкі заводзяць,
Не разбойнікі таўпою
За дабычай ходзяць.
На Ўкраіне пан Патоцкі...

У поэме „За што?" пачатак ІІ разьдз., які абмалёўвае месца, дзе пасяліўся Юрка:

У вадным куточку
Беларусі нашай
Пры узгорку лесу,
Пры лагчынцы пашы,
Між кустоў, з-прад летаў
На пустым дзірвані
Пасяліўся Юрка... і інш.

У другіх выпадках такога роду малюнкі зводзяцца да мімалётных уваг, аб зьмене пары году, палягчаючы, дзякуючы гэтаму, композыцыйны пераход ад аднаго дзеяньня да другога. Прыклад гэтага мы маем у поэме "Магіла льва" (гл. XІІ):

Мінула восень, а за ею
Прышла з марозамі зіма.

У папярэднім укладаньні (гл. XІ) гаварылася аб тым, што Наталка здрадзіла Машэку і асялілася ў пана. Для пераходу да наступных здарэньняў, у якіх выступае Машэка, і ўстаўлена зазначанае двухрадкоўе.

Прыведзеныя мотывы прыроды, як можна бачыць з іх зьместу, у зьвязку з фабульнымі здарэньнямі, рысуюць тыя абставіны, якія маюць бліжэйшае і непасрэднае дачыненьне да пэўнай соцыяльнай групы — да гэрояў з сялянскага асяродку.

Побач з гэтымі ёсьць і такія абставінныя мотывы, якія рысуюць знадворнае становішча асоб другога парадку, менавіта прадстаўнікоў шляхецкай групы. Апісаньне іх інакшага роду. Шырокіх малюнкаў тут зусім няма. Абрысоўка даецца нямногімі, толькі патрэбнымі словамі. Малюнкі прыроды носяць такі-ж агульны характар і рысуюцца