Старонка:Крытыка Узвышша 1927 01.pdf/18

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Вылазе с цемры бледны звод,
Глядзіць сьліўнём на долы, горы,
І тут і там пускае ў ход
Свае нямые загаворы.
І тут і тамка свой прыгон
Распасьцірае царство ночы;
Салодкі сон, магільны сон
Сьмяецца сьвету ўсяму ў вочы.

|}

Адцягненасьць гэтага вобразу мае значна большы разьмер, чым у папярэдніх выпадках. Увесь малюнак носіць фантастычны, баечны характар: ноч у ўяўленьні поэты выступае як чараўніца, якая паказвае свае цуды, пускае у ход свае загаворы. Па характару свайго зьместу гэты малюнак абрысаваны цёмнымі фарбамі. Гэта вобраз ночы, на фоне якой

Духі мінуўшчыны куцьцю
На старасьвецкі лад спраўляюць...

У канцы поэмы заключны шырокі вобраз тае-ж ночы, што дасягнула свайго кульмінацыйнага пункту—поўначы:

Плыве шумліва, як рэка,
Бяседа вольная такая,
А ўжо нявідзіма рука
На небе поўнач ад’значае.
Залопаў крыльлямі пятух,—
І ціхне-ціхне ўсё ў замчышчы;
Замоўк разгул, агонь патух,
Старое згасла папялішчэ.
На пустку ўзбрыўшы, воўк завыў,
Пуціну заяц перамерыў…
А быў тут хто, або ня быў,—
І так і гэтак мала веры.
І так і гэтак свой прыгон
Распасьцірае царство ночы:
Салодкі сон, магільны сон
Сьмяецца сьвету ўсяму ў вочы.

Агульны характар яе той-жа, што і ва ўступным малюнку; яна таксама адцягнена, баечна, фантастычна. Поўнач на небе паказвае "нявідзіма рука". Як у байцы, у гэты час яе

Залопаў крыльлямі пятух...
На пустку ўзбрыўшы, воўк завыў,
Пуціну заяц перамераў... і г. д.

Яе фарбы, як відаць, тыя-ж, што і раней; яна малюецца тымі-ж хмурнымі рысамі.

Побач з гэтымі суцэльнымі пэйзажнымі палотнамі ў поэмах выступаюць і малюнкі меншага разьмеру. Як і папярэднія, яны складаюць асобныя часткі таго агульнага фону, на якім працякае дзеяньне твору. У большасьці выпадкаў яны зьяўляюцца працягам таго агульнага абставіннага малюнку ўсяго твору, які разрываецца на асобныя часткі падзеямі, што ў ім разгортаюцца. Прыкладамі такога вось ужываньня гэтых мімалётных малюнкаў можна адзначыць наступнае: у поэме "Магіла льва" рысуецца адправа Машэкі з плытамі па Дняпру: у гэты час:

Зямля сябе у зелень скрыла,
Лес цёмны з ветрам гаманіў,
Зязюля век людзям лічыла,
А сонца цешылася з ніў.
Машэка плыў... і г. д.