Старонка:Крытыка Узвышша 1927 01.pdf/14

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

кую "маляўнічасьць" і "цэльнасьць". Ён ужывае словы са ўсёю поўнасьцю іх лёгічнага і рэчавага зьместу. Злучэньне слоў у тыя ці іншыя стылістычныя катэгорыі таксама асноўваецца на імкненьні да пукатасьці і чоткасьці. Композыцыя зьместу будуецца, з аднаго боку, на аснове яснага, выразнага і фізычнага адчувальнага падзяленьня ўсяго твору на часткі, а з другога,—іх аб'яднаньня ў адно мастацкае цэлае пры дапамозе стройнай мастацкай тэлеолёгіі.

Романтычная творчасьць ідзе іншымі шляхамі, чым клясычнае мастацтва, і ўжывае мастацкія сродкі іншай уласьцівасьці і віду. Поэтаромантык цікавіцца перш усяго і больш усяго сваімі ўласнымі перажываньнямі. Вонкавы сьвет для яго адыходзіць на задні плян. Для выяўленьня сваёй душы, сваіх эмоцыянальных настрояў мастак романтычнага складу шукае і адпаведных выяўленчых сродкаў. Ён ня можа паддацца якому-небудзь вядомаму поэтычнаму кодэксу, як гэта робіць поэта-клясык. Матэрыял яго творчасьці вельмі тонкі, гібкі і рознастайны, каб яго можна было зьмесьціць у вядомыя рамкі. Уласьцівасьці яго мастацкага об'екту адпавядае і характар мастацкай формы, якая адзначаецца вялікаю рознастайнасьцю і глыбокаю эмоцыянальнасьцю. Дзеля гэтага для стылю романтычнага характэрнаю рысаю зьяўляецца эмоцыянальнасьць, настрой, г. зн. нявыразныя, што не паддаюцца пэўнаму азначэньню, лірычныя перажываньні ў душы ўспрыймаючага. Лёгічны сэнс слоў губіць сваю выразнасьць і падлягае эмоцыянальнаму зацямненьню. Словы толькі намякаюць на агульнае значэньне іх. Яны паўтараюцца групамі з аднакім лёгічным зьместам, афарбованым агульным эмоцыянальным настроем усяго выражэньня. З гэтай галоўнай уласьцівасьці романтычнага мастацтва вынікае і яго асноўны прынцып—паўторнасьць, якая распрасьцірае сваю дзейнасьць на асобныя словы, вершы і цэлыя компазыцыйныя формаваньні, (пытаньні, звароткі, клічы, паўтарэньні, паралелізмы). Паўторнасьць тых ці іншых мастацкіх актыўнасьцяй твору і робіць уражаньне эмоцыянальнай кондэнсацыі і лірычнага згушчэньня ўражаньняў.

Літаратура кожнага народу, як пэўны від мастацтва, знаходзіцца ў сфэры ўплыву гэтых двух стыляў, выражаючы ў асобных сваіх творах характэрныя рысы аднаго з іх, ці яднаючы іх у адзінае гармонічнае цэлае.

Беларуская літаратура, якая займае самастойнае месца сярод літаратур старога і новага сьвету, таксама ня выходзіць з меж узьдзеяньня гэтых двух стыляў. Назіраньні у сфэры літаратурнай сучаснасьці прыводзяць да таго выніку, што ў цяперашні кругабег свайго гістарычнага быцьця яна дае ў сваіх асобных творах сваеасаблівы сынтэз гэтых асноўных кірункаў.

У паасобку, поэмы Янкі Купалы, узятыя намі для вывучэньня, зьяўляюцца асабліва характэрным прыкладам такога злучэньня. Поэмы гэтыя наступныя: „Магіла льва", "Бандароўна“, „Курган", "За што?", "Забытая скрыпка“, „На куцьцю"[1].

II

У дачыненьні асновы, г. зн. з боку тэматычнага, першая з іх—"Магіла льва" — належыць да тыпу поэм "разбойніцкіх", другая — "Бандароўна"—сямейных. Наступныя дзьве—"Курган" і "За што?"—поэмы соцыяльнага характару, апошнія дзьве "Забытая скрыпка“ і „На

  1. Поэмы: "Магіла льва" (стар. 131-146) і "Бандароўна" (стар. 146-158) цытуюцца па выданьні: "Янка Купала. Спадчына". (Менск 1922 г., а поэмы "За што? (ст. 200-204), "Курган" (ст. 215-220), "Забытая скрыпка" (197-200), "На куцьцю" (192-197) па выданьні: "Янка Купала. Шляхам жыцьця". (Пецярбург, 1913 г.).