Старонка:Крытыка Узвышша 1927 01.pdf/15

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

куцьцю" маюць у сабе значную частку фантастычных мотываў, набліжаючыся, дзякуючы гэтаму, да твораў баляднага тыпу. Аднак, праз фантастыку зьместу выразна адчуваецца налёт і соцыяльных настрояў. Але і у першых дзьвëх, пры усёй спэцыфічнасьці зьместу іх, момант соцыяльны адыгрывае значную ролю; усё апавяданьне іх афарбоўваецца ў пэўныя соцыяльныя колеры.

Агульная тэма, якая праходзіць праз усе гэтыя творы, зводзіцца да процівастаўленьня двух канцавосна процілежных грамадзкіх груп. З аднаго боку, выступае пан, пан шляхціц, а з другога—мужык. Іх узаемаадносіны прымаюць у кожнай асобнай поэме рознастайныя формы і складаюць асноўны зьмест "соцыяльнасьці" ў іх. Прычым, у першых двух апошніх творах яна зьяўляецца другарадным элемэнтам, між тым, як у рэшце твораў складае аснову фабульнага пабудаваньня. Але ў тым і другім выпадку гэты момант тэматычных зьявішч адыгрывае ролю нярухомага пункту—пастаяннай часткі мотываў, да якіх прымацоўваецца шэраг іншых тэм, рухомых, цякучых, што маюць ужо інакшы зьмест. Гэтыя другія часьці мотыву разгортваюцца для таго, каб больш конкрэтна ілюстраваць першую палову іх. Знадворныя факты фабулы маюць значэньне пастолькі, пасколькі яны раскрываюць тэму соцыяльнага конфлікту.

Гэтая манера выяўленьня соцыяльнасьці праходзіць праз усе памянёныя поэмы. Прычым, у адных яна выступае ў аголеным выглядзе; яе экспозыцыя аказваецца простаю, матыў соцыяльны складае асноўную схэму твору. У другіх яна зьяўляецца прыкрытаю тымі ці іншымі сымболічнымі аксэсуарамі; патрабуецца адпаведная работа аналітычнага характару, каб выкрыць яе прысутнасьць; у гэткіх выпадках экспозыцыя яе ў поэмах характарызуецца, як укосная.

Меней рэзка і выразна тэма соцыяльнага парадку выражана ў першай поэме "Магіла льва". Мужык Машэка робіцца разбойнікам, бо багаты баярын адабраў у яго каханую Наталку. Але мотывіроўка гэтых двух палажэньняў грунтуецца на інтрызе любоўнага характару, а не соцыяльнага. Машэка зрабіўся разбойнікам праз жанчыну:

Была прычынаю дзяўчына,
Машэка згінуў праз яе...

Аднак, і момант соцыяльны знаходзіць сваё вядомае выражэньне. Машэка забівае баярына, але і сам гіне ад рукі Наталкі, якая здрадзіла яму і пакахала яго ворага. Сымпатыі аўтара на баку Машэкі. Аб гэтым гаворыць той высокі апотэоз, які ўтварае аўтар свайму гэрою. Яго магіла атрымала ў народзе назву "Магіла льва", над ёю вырасла места Магілеў.

Больш выпукна гэтая-ж тэма праяўляецца у поэме "Бандароўна". Пан Патоцкі дабіваецца ўзаемнасьці Бандароўны, дачкі казака Бандарэнкі, але атрымлівае рэзкі адпор. Абражаны, ён прыказвае сваім гайдуком прывесьці яе да яго. Ён забівае Бандароўну. Бацька гэроіні зьбірае войска і пачынае крывавую расправу з усімі панамі прыгнятацелямі казацтва. Момант соцыяльных адносін асабліва яскрава падкрэсьлены у досказе поэмы. У рэшце частак зьмест будуецца на апавяданьні сямейнага характару і соцыяльнасьць у ім значна затушавана. Яна падрыхтоўваецца на працягу ўсіх здарэньняў, каб рэзка выступіць у канцы твору.

У поэмах другой групы соцыяльная тэма праходзіць паступова праз увесь зьмест іх.

Першая з іх "Курган" уся цалкам будуецца на соцыяльным процівастаўленьні двух рознастайных груп: князь і тыя, што акружаюць яго — з аднаго боку, гусьляр і народ, які складае пра яго песьні і ле-