Старонка:Крытыка Узвышша 1927 01.pdf/13

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная
Праф. А. Н. Вазьнясенскі.

ПОЭМЫ ЯНКІ КУПАЛЫ.

Сюжэтная пабудова і стыль

I

Сярод рознастайнасьці кірункаў у сфэры мастацтва наогул і слоўнага ў паасобку акрэсьлена вылучаюцца дзьве магчымасьці. Яны яднаюць розныя імкненьні мастацкай думкі ў групы двух рознародных тыпаў, якія маюць не аднакія назвы.

У азначаньні Шылера, які зьяўляецца адным з раньніх проблематыкаў двух галоўных кірункаў у мастацтве, двух асноўных стыляў у ім, яны называюцца: піэзіяй наіўнаю і сэнтымэнтальнаю[1]. Прадстаўнікі романтычнага мастацтва гэтую проблему выразілі ў проціпалажэньні: клясыкі і романтыкі[2]. Ніцше азначыў яе ў процівастаўленьні двух пачаткаў: аполёністычнага і дзіаністычнага[3]. Нэоромантыкі формулявалі сутнасьць гэтага пытаньня ў такіх найменьнях: натуралізм і ідэалізм, рацыоналізм і містыка, грэцкая спадчына і готыка, адцягненасьць і пачуцьцёвасьць[4]. У нашыя дні зноў вярнуўся да тэй-жа тэмы вядомы Ос. Шпэнглер. Ён выразіў яе ў вялікім процівастаўленьні двух тыпаў людзей―аполёністычнага і фаўстычнага; першы жыве ў эпоху культуры―у моманты росквіту сьвету і магутнай творчасьці дасьпяваючай душы, а другі―у кругабезе цывілізацыі―у часе ўміраньня творчых энэргій чалавечага духу[5].

У мастацтвазнаўстве тая-ж проблема выступае пры ўстанаўленьні стыляў Рэнесанса і Бароко[6].

У аснове стылю першага парадку―стылю клясычнага―ляжыць тое, што можна азначыць словамі―плястычнасьць і маляўнічасьць. Гэтыя ўласьцівасьці характарызуюць усе зьявы поэтыкі―фонэтычныя, стылістычныя і композыцыйныя. Для поэты-клясыка мастацкі твор ёсьць зьявішча слоўнага мастацтва; яно будуецца як мастацка-прыгожы будынак, які падлягае ў сваім будаваньні вядомым законам. Асноўныя вымаганьні гэтых законаў зводзяцца да таго, каб мастацкі твор, які будуецца з матэрыяльных даных вонкавага сьвету, меў унутраную роўнавагу і лёгічнае завяршэньне. Дзеля гэтага клясычнаму стылю ўласьціва ўсьвядомленасьць і халодны разьлік у выбары стылістычных сродкаў поэтычнай творчасьці. Поэта-клясык выбірае дакладныя лёгічна паасобныя выразы, якія надаюць слоўным вобразам мастац-

  1. Fr. Schіller. Über naіve und sentіmentalіsche Dіchtung. Іn den "Horen" 1795-96.
  2. Cp. F. Strіch. Deutsche Klassіk und Romantіk oder Vollendung und Unendlіchkeіt eіn Vergleіch. Munchen, 1922.
  3. Fr. Nіetzsche. Über das Apollonіsche und Dіonysіschen. Geburt der Tragödіe. 1870-71.
  4. Worrіnger. Abstraktіon und Eіnfühlung. München, 1908; 9 Aufl., 1919.
  5. Os. Spengler. Untergang des Abendlandes. München. 1. Bd. 1918, 2. Bd. 1922.
  6. H. Wolfflіn. Renaіssance und Barock. München. 1915; Kunstgeschіchtlіche Grundbeg.іfte. München, 1915.