Старонка:Крытыка Узвышша 1927 01.pdf/11

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

замыслам, таму што ў лёсе дурнаватага Мікіты няма нічога ні "трагічнага", ні "сьмяхотнага", а ёсьць усяго ўсе адзнакі няўдала скомпанаванай інтрыгі; да таго-ж інтрыгі слабой, якая пазбаўлена дынамікі і зацікаўленасьці.

Пры ўсіх гэтых недахопах, п'еса, аднак, мае ў сабе вядомы quantum мастацкасьці, якая часамі як быццам незалежна ад аўтара настойліва перамагае шарж і карыкатуру і такім чынам яшчэ і яшчэ раз напамінае аб звычайнай, уласьцівай Я. Купале, таленавітай манеры маляваць жывыя характары, яскравыя сцэны, глыбокія настроі.

Так, напр., аўтар дае ў сваёй п'есе рэальна-бытавыя накіды мяшчанска-чыноўніцкага асяродку, малюе жывую сцэну (гандлю стар'ём) на пляцу і штодзеннае жыцьцё Мікіты ў абставінах шматлікіх пасад, пайкоў і запасаў. У асобе Ганулі і Гарошкі, Янкі і Алёнкі ён жадае вывесьці звычайных людзей, якія выхаплены з самага жыцьця, усім знаёмых і зразумелых; Алёнка гаворыць яскрава, цёпла і проста і вельмі жыва выяўляе сабою імкненьне абуджаючайся вёскі да навукі; Янка, ня гледзячы на сваё рэзанёрства і "размовы ў бок", усё-ж такі ўкладваецца ў наша уяўленьне маладым настаўнікам, які стаіць у перадавых шэрагах беларускага адраджэньня і які імкнецца на вёску, у непасрэдную блізкасьць з народнай гушчай. Апрача таго, у п'есе там і сям іскрыцца звычайная для яе аўтара колёрытная, жывая размова, якая часта прарываецца скрозь надуманую схэму, скрозь шарж і алегорыю. Прыкладаў даволі шмат. Калі Мікіта разважае аб сваім "чыноўніцкім становішчы", Янка гаворыць: "Якое тут чорта чыноўніцкае становішча, калі яно ўжо не стаіць, а ляжыць, ды як яшчэ ляжыць—як трухлявая калода". Калі госьці Мікіты, жадаючы скакаць, просяць Янку сыграць на балалайцы, Янка ізноў не бяз досьціпу адказвае на гэту просьбу: "З ахвотай. Хоць раз паскачэце й вы пад маю дудку". Калі Гануля паведамляе яму, што Усходні Вучоны сказаў, што пойдзе на Захад, а Заходні сказаў, што пойдзе на Усход, ён трапна заўважвае: "Ну, цяпер яны ня скора з сабой спаткаюцца". Не пазбаўлены досьціпу і гумару і Мікіта. Прапануючы немцу хабар, ён гаворыць: "Вось вам, ясьне мусье немец, гэр гэрманіш, пакуль-што контрыбуцыя, заўтра дам анэксію". Ён з большай іроніяй і даволі бойка разважае аб мітынгах і аб розных мовах, якіх, "напладзілі сабе людзі" і над якімі трэба „круціць галавой, як баран які над студняй". Часамі ён удала пакеплівае з свайго ўласнага становішча, напр., калі, падпільноўваючы пакупшчыкаў на пляцу, тлумачыць матцы, каго з пакупшчыкаў трэба называць "панечка" і каго "мадам", а можа нават "мадам-сіньёра". Не пазбаўлены дасьціпу і спраўнік, які, "выражаючыся на сучасны лад", запрашае гасьцей ісьці дамоў "без рэзолюцыі.

Жартліва і сочна гаворыць пабеларуску і немец, які запэўнівае, што генэралы заўсёды адмаўляюцца ад свайго генэральства, "калі іхняе генэральства пачынае ім самім бокам вылазіць". Гэта сакавітая, жывая размова гаворыць аб мімавольным імкненьні аўтара да рэалізму. Калі Мікіта гаворыць пра Насьцю Пабягунскую, што гэта "сымпатычная, между протчым, мамзэль" „на ўсе бакі вядзе шырокае знаёмства", або калі Насьця, бачачы, як Мікіта любуецца на сябе ў люстэрка, гаворыць яму: "Аей, што я бачу?.. Як кокетка, фліртуе з люстэркам". У гэтых і падобных выразах адчуваецца жывое жыцьцё. Яно адчуваецца і ў пастаянных пагаворках і прымаўках (напр., Мікіта заўважае матцы з прычыны яе вясковых гасьцей-сваякоў: "Меджду протчым, мамаша, выехалі з гэтым сваяцтвам, як з козамі на торг"), і ў асобных выразах (нар., выраз Гарошкі аб двох вучоных― "два дапатопы") і на-