Перайсці да зместу

Старонка:Крок за крокам (1925).pdf/40

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Вучоныя людзі, якія хадзілі сюды з гораду пагуляць, пашпацыраваць (горад быў ня так далёка), казалі, што гэтыя ямы — знакі глыбокай старажытнасьці; гэта — даўнейшыя акопы, як яшчэ Літва ваявала з Маскоўшчынай. Простыя людзі пра ямы гаварылі крыху ня так. Сяляне зацьвярджалі, што тут ня так даўно, на памяці многіх з іх, быў бровар, і ў гэтых ямах закопвалі картоплю. Івася ня так цікавіла гэта спорка вучоных з нявучонымі, як самі тыя ямы, на якіх глеба ўжо заскарынілася, і там расла траўка, купкі прыгожага сіўцу і розныя краскі, дзе так многа было ўсякіх конікаў і жучкоў. А самае важнае каля ям пад купчастымі хвойкамі расло многа добрых грыбоў, пра якія ведаў адзін толькі Івась. І часта малы Івась, узяўшы з сабою кошык і лустачку хлеба, прыбягаў сюды пагуляць, паглядзець на вежы цэркваў і касьцёлаў — яны былі адгэтуль добра відаць — на стары манастыр, самы высокі ва ўсім горадзе, на трубы фабрык і заводаў. Сюды падыходзілі роўненькія загоны жыта і збажынкі, тут-жа было многа сьпеву птушынага, шуму і звону ўсялякіх мушак і блішчастых жучкоў. І Івась так углыбляўся ва ўсе гэтыя малюнкі і зьявы, так зьліваўся з жыцьцём поля, лесу і ўсяго гэтага белага сьвету, што напэўна быў бліжэй к пазнаньню таемнасьці яго жыцьця, чым які-небудзь вучоны.


Каля ям быў высокі пагорак, з якога было далёка відаць. Івась часта ўзьбягаў сюды, каб паглядзець, што творыцца вакол.

Было гэта пад восень.

Івась стаяў на пагорку. Ён прыслухоўваўся к цішы, як- бы яна павінна была штось адкрыць яму. Яго чуткае вуха ўлаўляла далёкі-далёкі гул, бы гром. Але неба было ясьнюткае, дзе-нідзе зьлёганька засьцілалася яно тонкімі посьцілачкамі сьветлых хмарак. А ў полі і ў лесе было ціха, толькі ўгары жаласна пасьвістваў каршун. Сярод гэтай агульнай цішы сьвіст яго быў надта смутны. А гром усё гучаў, але раскаты яго былі так глухі й далёкі, што толькі чуткае вуха магло расслухаць яго. Івась ня ведаў, які гэта гром, але яму было страшна, і нейкая няясная трывога калыхала яго душу.

Але што гэта? Які гэта гул? Скуль ён? Нічога падобнага ня чуў Івась. Гул быў густы, магутны і блізкі, але трудна