Перайсці да зместу

Старонка:Крок за крокам (1925).pdf/39

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— А ім баліць? — спытаў Івась.

— Каму?

— Тым, што гэтак б‘юцца.

— Усяляк, сынок, бывае: каго раняць, таму баліць, а на сьмерць заб‘юць, нічога і ня ўчуеш.

— А я-б ня біўся.

— Як-то ня біўся-б? Быў-бы салдатам, то мусіў-бы ваяваць, сынку.

І другія думкі пачыналі варушыцца ў галаве Івася. Цяпер яму робіцца крыху ясьней, чаму сярод салдат пападаліся і такія, на чыім твары адбіваўся такі смутак і гора. Мусіць ёсьць з чаго засмуткаваць, занудзіцца чалавеку! І яшчэ: бачыў Івась, як з другога боку, з-за таго невядомага лесу, ішлі і другія цягнікі з вагонамі, на якіх былі вялікія чырвоныя крыжы. І ціха было ў гэтых цягнікох, нярухома ляжалі там раненыя салдаты. А маці кожын раз, пазіраючы на гэтыя вагоны, цяжка-цяжка ўздыхала, прамаўляючы:

— О, божа, божа! колькі гіне і глуміцца народу!

III

Ад часу да часу любіў малы Івась рабіць абходы сваіх улюблёных куточкаў, якіх было тут ня мала. Бывала, раніцаю выйдзе Івась з будкі на свой дворык, прыпрэцца дзе-небудзь у куточку на сонейку, сьцішыцца, задумаецца, стаіць, разважае, прыслухоўваецца да тых радасных зыкаў і шуму, якімі жыве гэты вольны белы сьвет, або проста цешыцца хараством летняга дзянька. І нейкае няяснае для самога Івася жаданьне пацягне яго далей з двара, на той прастор, дзе прырода стварае таемнасьць жыцьця.

На ўскрайку поля стаяў тут лес, пачынаючыся чародкаю высокіх і роўных дубоў; крыху воддаль ад жалезнай дарогі яны злучаліся з таўшчэразнымі старасьвецкімі хвоямі. Здавалася, што нейкі лясны цар сумыслу павыбіраў іх з усяго лесу: — такія яны былі высокія, выносныя, стройныя, гладкія, а макушы іх — адна любата: адна ў адну, як пышныя шапкі. Далей, каля поля, цягнуўся купчасты прысадзісты хвойнік, сярод якога зрэдка разьнімалі свае прыгожыя верхавіны старыя хвоі. У гэтым хвойніку было многа даўнейшых ям.