Перайсці да зместу

Старонка:Крок за крокам (1925).pdf/41

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

было распазнаць, адкуль ён ішоў. Івась углядаўся па бакох, а гул не пераставаў і назойліва лез у вушы. Ускінуўшы вочкі ўгору, убачыў Івась, як высока над галавою неслася невядомая птушка. Але дзе ёсьць такія птушкі? Не, гэта напэўна зьмей. Івася агарнуў страх. Зьмей зрабіў у паветры круг, крыху спусьціўся на ніз. — Віз-з-зь! — загуло ўгары, і зараз-жа ў бок жалезнай дарогі пачуўся страшэнны стрэл, бы пярун ляснуў. Зямля здрыганулася, па лесе паняслося, тарарахкаючы, рэха, як-бы гэты зьмей рагатаў сваім страшным рогатам.

Івась бедны так перапалохаўся, што прытуліўся да хвойкі і ўвесь тросься і калаціўся.

Зноў запішчала штось у паветры. Івась мімавольна закрыў ручкамі твар і чакаў. Другі гук быў яшчэ грамчэйшы, яшчэ зласьней затарарахкаў лес, і чорны густы дым паваліў ад будкі.

З плачам кінуўся Івась да дому. Будка была ўжо ўся ахвачана полымем, агнявістыя языкі лізалі яе дах, шугалі праз вокны і, як вужакі, віліся па сьценах…

А дзе-ж ён сам, гэты стораж? Чаму ня відаць мацеры? Дзе яны? Чаму не ратуюць свайго набытку?

— Мама, мамачка! Тата! — загласіў Івась, заламаўшы ручкі. Але ні маці, ні бацька ня вышлі на яго жалобныя прычытаньні.

— А мамачка! а татачка! — галасіў няшчасны хлопчык; з вялікага гора ўпаў ён на зямлю, біўся аб яе і грыз сыры пясок. І ніхто не адазваўся на яго гора, адзін толькі разложысты дуб з асмаленым камлём і лісьцем пазіраў так горка і пакутна, як-бы яму было блізка ня толькі сваё няшчасьце, але і няшчасьце гэтага беднага сіроткі.