Перайсці да зместу

Старонка:Крок за крокам (1925).pdf/38

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

салдаты і ідуць на немцаў. Перш ім трэба зваяваць сваіх ворагаў, а тады ўжо злавіць страшную кабеціну і заперці яе ў такі глыбокі калодзеж, адкуль яна і ня вылезе. Тады і настане на сьвеце спакой. Івась кожны дзень бачыў, як валілі адзін за другім цягнікі з салдатамі. Адкуль яны толькі браліся? Загарэлыя, здаравецкія, здавалася, ня ведалі яны ніколі ніякага гора і бяды: у кожным цягніку грымеў гармонік, вясёлыя, дружныя зыкі песень заглушалі гук вагонных калёс, крэпкія салдацкія ногі неахвотна стаялі на месцы — то тут, то там рыхтаваліся яны крутнуцца, разыйсьціся ў шалёныя заліхвацкія скокі, і толькі няхватка прастору стрымоўвала іх парываньні. Усе гэтыя зьявы моцна захаплялі Івася. Цягнік з салдатамі аддаляўся, меншыўся і ў канцы саўсім прападаў з вачэй далёка ў тым лесе, куды бегла і сама железная дарога. А Івась стаяў, і думкі-вобразы ціха снаваліся над яго маленькаю галоўкай і калыхалі яго сэрца яшчэ невядомымі для Івася жаданьнямі. Яму самому хацелася быць салдатам і ехаць у гэтую прыгожую, чароўную, невядомую далячыню, якая так моцна парывала да сябе Івасёву душу. Бачыў Івась, як на доўгіх пляцформах везьлі страшныя гарматы на вялізарных калёсах… Пазіраючы на ўсё гэта, Івась ня так баяўся вайны, і яна здавалася яму нават вясёлаю.

— І куды яны едуць і едуць? — пытаў Ігнась у бацькі.

— На вайну, адказваў каротка бацька і ўздыхаў.

— А чаму іх так многа?

— Многа, і ворагаў многа, сынку.

— Ну, а што пачнуць там рабіць, як зыйдуцца ўсе?

— Ваяваць будуць.

— А як будуць ваяваць?

— Як ваяваць будуць? — перапытаў бацька і разгінаў сьпіну — ён чысьціў і падмятаў палатно дарогі: — а вот: немцы і аўстрыякі будуць націскаць на нашых, нашыя на іх пачнуць жарыць з гармат адны ў другіх, з вінтовак і кулямётаў і будуць усё сходзіцца, а як сойдуцца — будуць калоцца штыхамі — во гэтак!

Тут бацька намерыўся памялом у Івася, нібы зьбіраючыся прабіць яго. Івасёў бацька маляваў зьяву бою пасваему. Івась слухаў, раскрыўшы рот.