Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/88

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Нейкі джэнтльмен перадаў, — паўтарыў Фелім. — Гертруда сказала, што джэнтльмен. Відаць, добры чалавек. Але толькі, хто-ж гэта можа быць?

— Зусім не ўяўляю, Фелім. Магчыма, хто-небудзь з афіцэраў форта? Хоць не ведаю, хто з іх мог гэта прыдумаць.

— А я вам скажу, што афіцэры тут ні прычым. І наогул ніхто з мужчын. Гэта справа жаночых ручак. Хіба вы не бачыце, як усё гэта ўкладзена і прыгатавана?

— Глупства, Фелім! Я не ведаю ніводнай жанчыны, якая магла-б аказаць мне такую ўвагу.

— Вось ужо няпраўда, містэр Морыс. А я ведаю, хто-б гэта мог зрабіць. І калі-б яна не зрабіла, то гэта было-б чорнай няўдзячнасцю. Хіба вы не выратавалі ёй жыццё ў той гісторыі?

— Аб кім ты гаворыш, Фелім?

— Нібы вы самі не ведаеце, пане! Вядома, я гавару аб той красуні, якая тады была з вамі ў нас у халупе. Яна прыехала на крапчатым мустангу. Вы-ж за яго нават граша ламанага з яе не ўзялі. Што-б сказала гэта красуня, калі-б толькі даведалася аб небяспецы, у якой вы знаходзіцеся?

— Небяспека, вядома, яшчэ ёсць. Доктар сказаў, што мне можна будзе ўстаць не раней, чым праз тыдзень. Але ты не засмучайся, дружа.

— Не, я толькі так гавару. Я вось думаю не аб гэтай небяспецы. Магчыма, у вас сардэчныя раны; іншы раз цудоўныя вочы раняць небяспечней, чым свінцовыя кулі. А магчыма, хто- небудзь іншы ранен вашымі вачыма; яна вось, магчыма, і прыслала нам гэты пачастунак. Хто ведае, як тут разабрацца?

— Ты зусім заблытаўся, Фелім. Пасылка прыслана некім з форта. Але ад каго-б яна ні была, я не бачу прычыны, чаму мы павінны цырамоніцца з ёю. Такім чынам, давай паспрабуем.

Не гледзячы на велізарную фізічную асалоду, з якою хворы пачаў знішчаць тое, што было ў карзінцы, у думках ён цешыўся яшчэ больш: яго мары ляцелі да той, чыя ўвага была-б такой дарагой яму.

Няўжо гэта зрабіла маладая крэолка, стрыечная сястра яго злейшага ворага? Такое меркаванне ўсё-ж здавалася яму мала вераемным.

Але калі не яна, хто-ж яшчэ?

Мустангер гатоў быў многа аддаць, толькі-б пацвердзілася, што падарунак прысланы Луізай Пойндэкстэр.

* * *

Праходзілі дні, а таямніца аставалася нераскрытай.

Неўзабаве хворага другі раз абрадавалі такім-жа падарункам. Прыбыла другая пасылка — такая-ж карзінка з новымі бутэлькамі і свежымі лакамствамі.

Зноў звярнуліся з роспытамі да служанкі, якая перадала карзінку, але рэзультаты былі тыя-ж: «Джэнтльмен прывёз, не-