Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/89

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

знаёмы джэнтльмен, той-жа самы, што і тады». Яна магла толькі дадаць, што ён быў «вельмі чорны», што на ім быў бліскучы капелюш і што ён пад‘ехаў да таверны конна на муле. Морыса мала задавальнялі гэтыя падрабязнасці, хоць ён не выдаў сябе. Нават Фелім не ведаў затоенай мары мустангара.

Праз два дні, пасля трэцяй карзінкі, дастаўленай тым-жа джэнтльменам у бліскучым капелюшы, Морысу давялося ацвярэзіцца ад сваіх мар.

У карзінцы, якая нічым не адрознівалася ад папярэдніх пасылак, ляжала пісьмо.

— Гэта ўсяго толькі Ісідора, — прамармытаў Морыс, зірнуўшы на почырк.

Абыякавым рухам ён разарваў канверт і пачаў чытаць. Пісьмо было наступнага зместу:

«Дарагі сён‘ёр!

На працягу тыдня я гасціла ў дзядзі Сільвіо. Да мяне дайшлі чуткі аб вашай хваробе, а таксама аб тым, што вас дрэнна абслугоўваюць у гасцініцы. Мне захацелася крыху скрасіць вашу хваробу. Прыміце, калі ласка, ад мяне гэты маленькі падарунак як памяць аб той вялікай паслузе, якою я вам абавязана. Я пішу, седзячы на кані, перад самым ад‘ездам у Рыо-Грандэ.

Мой дабрадзей, выратоўца майго жыцця і — больш за тое — чэсці, бывайце, бывайце.

Ісідора Каварубіо дэ Лос-Ланос».

— Дзякуй, дзякуй, мілая Ісідора, — прашаптаў мустангер, складваючы пісьмо і нядбала кідаючы яго на коўдру. — Заўсёды ласкавая, уважлівая, добрая… Каб не было Луізы Пойндэкстэр, магчыма я пакахаў-бы цябе…


Раздзел XXIII

КЛЯТВА ПОМСТЫ

Кольхаун праводзіў увесь час хваробы ў сваім раскошным пакоі. Чорствы эгаіст, ён не верыў у дружбу, і ў яго не было сяброў. Яго фізічныя пакуты, надзвычай цяжкія, былі ўзмоцнены маральнымі мукамі, разуменнем поўнай сваёй адзіноты. Выжыве ён ці не? Каму да гэтага якая справа! Аб ім ніхто сур‘ёзна не трывожыўся, і ён гэта ведаў.

Калі да яго і была праяўлена нейкая ўвага, то гэта толькі ў меру сваяцкіх абавязкаў. Інакш не магло і быць. Яго паводзіны ў адносінах стрыечнай сястры і стрыечнага брата наўрад ці маглі выклікаць да яго павагу. Горды Вудлі Пойндэкстэр адчуваў да яго агіду, змешаную са страхам.

Праўда, у старога плантатара толькі нядаўна склаліся такія