Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/87

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Ён гаварыў, што возьме з вас таму, што вы трапілі яму ў рукі, і што ён не выпусціць вас, пакуль вы ўсё не заплаціце.

— Нічога, ён хутка ўбачыць, што крыху памыліўся. Няхай ён лепш прадставіць рахунак таму, хто хаваецца ў кустах. Я згодны заплаціць палову зробленых страт, але не больш. Ты можаш яму гэта перадаць, калі зойдзе гутарка. Праўду сказаць, я не ведаю, як я і гэта змагу зрабіць. Там напэўна шмат пабіта і паламана. Мне памятаецца, што там здорава трашчала, калі мы біліся. Здаецца, разбілася люстра ці гадзіннік, або штосьці накшталт гэтага.

— Вялікае люстра, містэр Морыс, і гадзіннік. Гавораць, што ўсё гэта каштуе дзвесце долараў. Хлусня! Напэўна, не больш паловы гэтага.

— Нават калі і так, то для мяне гэта цяпер вельмі сур‘ёзная штука. Баюся, Фелім, што табе давядзецца з‘ездзіць на Аламо і дастаць адтуль усе нашы багацці. Каб заплаціць гэты доўг, мне давядзецца расстацца са сваімі шпорамі, срэбраным бакалам і, магчыма, са стрэльбай.

— Толькі не гэта, містэр Морыс. Як-жа мы будзем жыць, калі прададзім стрэльбу?

— Пражывем. Ласо нам дапаможа.

— І, напэўна, наша ежа не горшай будзе за тую, што падае гэта чортава кукла. У мяне кожны раз баліць жывот, калі я тут паабедаю.

У гэты момант без усякага стуку адчыніліся дзверы, і ў пакой увайшла служанка гасцініцы. У руках у яе была плеценая карзіна.

— Ты што, Гертруда? — запытаў Фелім.

— Гэта прасіў вам перадаць нейкі джэнтльмен, — адказала дзяўчына, працягваючы карзінку.

— Хто, Гертруда? Які джэнтльмен?

— Я не ведаю яго. І ніколі раней не бачыла.

— Перадаў джэнтльмен? Хто-ж гэта можа быць, Фелім? Паглядзі, што там.

Фелім адкрыў карзінку. Там ён знайшоў бутэльку віна і шмат смачных рэчаў: піражкі, пячэнне, жаркое. Ні пісьма, ні нават запісачкі не было.

Прыгожая ўпакоўка не пакідала сумненняў, што пасылка прыгатавана жаночай рукой.

Морыс пачаў разглядаць прысланы падарунак.

Пасылка была вельмі дарэчы, асабліва ў той абстаноўцы, у якой ляжаў хворы.

Морыс намагаўся адгадаць, хто-б гэта мог зрабіць. У яго ўяўленні мімаволі паўстаў вобраз Луізы Пойндэкстэр.

Не гледзячы на некаторую непраўдападобнасць такога меркавання, ён усё-ж быў схілен думаць, што гэта так, і патаемна радаваўся гэтай думцы.

Аднак, чым больш ён думаў, тым больш яго брала сумненне.