Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/86

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Цехаскія законы адносяць афяр гэтага дзіўнага спосабу расправы ў графу «няшчасных выпадкаў», і вінавайцы не караюцца.

Тым не менш дуэль паміж Касіем Кольхаунам і Морысам Джэральдам выклікала надзвычайную цікавасць. Не гледзячы на тое, што ні адзін, ні другі не належалі да карэннага насельніцтва сетлмента, аб іх дуэлі гаварылі на працягу цэлых дзевяці дзён. Непрыемны, фанабэрысты характар капітана і натуральная прастата і сумленнасць мустангера былі ўсім добра вядомы. Нядзіва, што грамадская думка была зусім задаволена зыходам гэтай дуэлі.

Як зносіў Касій Кольхаун вынікі дуэлі, ніхто не ведаў. Яго не бачылі больш у таверне, дзе звычайна яго можна было знайсці заўсёды. Цяжкія раненні прыкулі яго надоўга да пасцелі.

Не гледзячы на тое, што стан здароўя Морыса не выклікаў вялікіх апасак, усё-ж яму неабходна было ляжаць, і таму яму давялося астацца ў гасцініцы ў Обердофера, дзе ён заняў скромны пакой. Догляд за ім пакідаў жадаць лепшага. Нават арэол пераможцы не змяніў звычайных пагардлівых адносін да яго з боку гаспадара таверны.

На шчасце, з ім быў Фелім, інакш яму давялося-б зусім дрэнна.

— Святы Патрык! — уздыхаў верны слуга. — Калі-ж мы, нарэшце, выберамся з гэтай кануры? Чысты скандал! Ні паесці тут як след не даюць, ні папіць. Свінні-б, напэўна, адвярнуліся ад таго, чым тут нас кормяць. І пры гэтым, што-б вы думалі, гэты пракляты Обердофер асмельваецца яшчэ гаварыць…

— Мне зусім усёроўна, што гаворыць Обердофер, але калі ты не хочаш, каб ён чуў, што ты гаворыш, то сціш, калі ласка, свой голас. Не забывайся, што цераз гэтыя перагародкі ўсё чуваць.

— Чорт-бы пабраў перагародкі! Чорт-бы іх спаліў, калі гэта яму падабаецца! Вам усёроўна, што ён гаворыць пра вас? І мне таксама, і няхай сабе чуе. Усёроўна горш не будзе. Я ўсё-такі раскажу — вам гэта трэба ведаць.

— Ну, гавары. Што-ж ён расказвае?

— А вось што. Я чуў, — ён гэта гаварыў аднаму наведвальніку, што ён вас прымусіць заплаціць не толькі за пакой, сталаванне і мыццё, але і за ўсе пабітыя бутэлькі і люстры і іншыя рэчы, якія вы пабілі і паламалі ў тую ноч.

— Мяне прымусіць заплаціць?

— Так, вас аднаго, містэр Морыс. І ніводнага граша ён не возьме з гэтага янкі. Гэта-ж чорт ведае што! Ніхто, апрача паршывага немца, не мог-бы такое прыдумаць. Калі ўжо каму-небудзь і плаціць, то ва ўсякім выпадку таму, хто заварыў усю гэтую кашу, а не вам.

— А ты не чуў, чаму ён хоча прымусіць за ўсё плаціць мяне?