Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/84

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

вала! Я патраціў дзвесце долараў. Яны разальюць мае лепшыя віны. Ах, маёр! Гэта разарыць мяне. Што-ж мне рабіць? Гэта-ж…

— Не турбуйцеся, Обердофер, — адазваўся маёр. — Я не сумняваюся, што ўсе вашы страты будуць папоўнены. Ва ўсякім выпадку вам цяпер трэба будзе дзе-небудзь схавацца. Калі вы астанецеся ў вашым салуне, то, напэўна, у вас засадзяць кулю, а гэта, бадай, будзе горш, чым тое, што разаб‘юцца вашы бутэлькі.

Пры гэтых словах маёр пакінуў збянтэжанага гаспадара таверны і паспяшаўся выйсці на вуліцу, дзе сустрэў сапернікаў, якія ўжо раней вышлі праз розныя дзверы.

Обердофер, які збянтэжыўся, нядаўга прадаўжаў стаяць на месцы. Не паспелі захлопнуцца адны дзверы за спіною маёра, як другія захлопнуліся за гаспадаром таверны. У салуне, у якім былі бутэлькі, ззяючыя ўсімі колерамі радугі, дарагія люстры і яркія лямпы, запанавала глыбокая цішыня, сярод якой чулася толькі роўнамернае ціканне гадзінніка.


Раздзел XXI

ДУЭЛЬ У ТАВЕРНЕ

Вышаўшы з таверны, маёр ужо больш не ўмешваўся ў гэтую справу. Камандуючаму фортам наўрад ці да твару было заахвочваць дуэль нават у тым выпадку, калі-б яна адбывалася ў рамках устаноўленых патрабаванняў. Гэтым заняліся маладыя афіцэры, якія прынялі на сябе арганізацыю паядынку.

Часу для гэтага спатрэбілася мала. Умовы ўжо былі агавораны. Аставалася толькі папрасіць каго-небудзь з прысутных пазваніць у звон. Як умоўлена, звон быў сігналам для пачатку дуэлі.

Ноч была досыць цёмная, але ўсё-ж было дастаткова відна, каб адрозніць натоўп людзей на бульвары перад гасцініцай. Тут сабраліся не толькі тыя афіцэры, якія вышлі з таверны. Вестка аб разыграўшайся падзеі хутка абляцела форт. Таварышы афіцэраў, а таксама салдаты пракраліся міма варты, каб паглядзець на цікавае відовішча. Былі тут і жанчыны — некалькі бойкіх сен‘ёрын, якія настойліва дабіваліся падрабязных тлумачэнняў. Гутарка вялася шэптам. Стала вядома, што прысутнічаюць маёр і іншыя выдатныя асобы форта.

Натоўп цікаўных стаяў некалькі паводдаль ад таверны, але ўсе позіркі з напружанай увагай былі звернуты на яе. Усе чакалі відовішча.

Абодва ўдзельнікі дуэлі стаялі каля таверны, на супроцьлеглых яе канцах. Як той, так і другі глядзелі ўпарта на дзверы, у якія павінны былі ўвайсці, з тым, магчыма, каб ніколі не вярнуцца. Кожны з іх сціскаў у руцэ рэвальвер.

Нейчы гучны голас крыкнуў:

— Звані!