Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/82

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Досыць! — закрычаў ірландзец, упершыню выяўляючы сур‘ёзную злосць. — Я хацеў даць яму магчымасць выратаваць сваё жыццё. Ён адмовіўся ад гэтага. А цяпер, клянуся гонарам, мы будзем біцца не на жыццё, а на смерць. Маёр! Настойліва прашу вас і вашых сяброў выйсці адсюль. Я не магу больш цярпець гэтых зняваг!

— Ха-ха-ха! — пачуўся пагардлівы рогат Кольхауна. — Магчымасць выратаваць маё жыццё! Выйдзіце адсюль, усе выйдзіце! Я пакажу яму!

— Стойце! — закрычаў маёр, не адважваючыся павярнуцца спіною да ўдзельнікаў дуэлі. — Так нікуды няварта. Вы, магчыма, спусціце куркі на секунду раней, чым належыць. Мы павінны выйсці, перш чым вы пачнеце вашу бойку. Апрача таго, — прадаўжаў ён, звяртаючыся да прысутных ў пакоі, — неабходна-ж, каб захоўваліся нейкія правілы. Калі яны збіраюцца біцца, няхай гэта будзе дуэль па ўсіх правілах майстэрства. Абодва павінны быць перш за ўсё аднолькава ўзброены і падыйсці адзін да другога сумленна.

— Вядома! Ваша праўда! — адазваўся абступіўшы іх натоўп, уважліва сочачы, як гэтая прапанова будзе прынята.

— Спадзяюся, ніводзін з вас не пярэчыць супроць гэтага? — прадаўжаў маёр запытальна.

— Я не магу пярэчыць супроць справядлівага патрабавання, — спакойна адказаў ірландзец.

— Я буду змагацца той зброяй, якую трымаю ў руцэ, — дзёрзка адказаў Кольхаун.

— Згодзен. Гэта якраз падыходзячая і для мяне зброя, — адказаў праціўнік.

— Я бачу, што ў вас абодвух шасцізарадныя рэвальверы Кольта нумар два, — сказаў маёр, разглядаючы іх зброю. — Пакуль што ўсё ў парадку. Вы ўзброены аднолькава.

— Ці няма ў іх яшчэ якой-небудзь зброі? — запытаў малады Генкок, падазраючы, што ў капітана пад палою мундзіра можа аказацца нож.

— У мяне больш нічога няма, — адказаў мустангер са шчырасцю, якая не пакідала сумненняў у праўдзівасці яго слоў.

Усе паглядзелі на Кольхауна, які марудзіў з адказам.

Капітан зразумеў, што павінен прызнацца.

— У мяне ёсць яшчэ нож. Спадзяюся, вы не збіраецеся адабраць яго? Мне здаецца, што кожны мае права пакінуць пры сабе тую зброю, якая ў яго ёсць.

— Але, капітан Кольхаун, — прадаўжаў Генкок, — у вашага праціўніка няма нажа. Калі вы не баіцеся сустрэцца з ім на роўных пачатках, вы павінны адмовіцца ад свайго нажа.

— Так, вядома, ён павінен адмовіцца! — закрычала некалькі галасоў. — Ён павінен, павінен!

— Давайце нож, капітан Кольхаун, — сказаў маёр унушальным тонам. — Шасцізарадны рэвальвер павінен задаволіць лю-