Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/81

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

знявагу! Сыйдзіце з дарогі, маёр! Сварка між намі, і вы не маеце права ўмешвацца.

— Вось што?! Ха-ха! Сломан! Генкок! Кросман! Вы чуеце? Я не маю права ўмешвацца! Капітан Касій Кольхаун, не забывайцеся, дзе вы. Не ўяўляйце, што вы ў штаце Місісіпі, сярод вашай збіваючай рабоў кавалерыі. Тут, сэр, ваенны форт — ён падначалены ваеннаму статуту, і вашаму пакорліваму слузе даручана камандаванне гэтым фортам. Таму я загадваю вам пакласці ваш рэвальвер туды, адкуль вы яго ўзялі. І ў гэтую-ж секунду, інакш я адпраўлю вас, як простага салдата, на гауптвахту.

— Няўжо? — прашыпеў Кольхаун. — У якую цудоўную краіну вы ператворыце Техас! Значыцца, як-бы чалавек не быў зняважаны, ён не мае права на дуэль без вашага на тое дазволу, маёр Рынгвуд? І гэта лічыцца законам для ўсёй краіны?

— Зусім не, — адказаў маёр. — Я не з тых, хто калі-небудзь перашкаджаў сумленнаму вырашэнню сваркі. Ніхто не забараняе вам і вашаму праціўніку забіць адзін другога, калі гэта вам падабаецца. Але толькі не цяпер. Вы павінны зразумець, містэр Кольхаун, што ваш паядынак небяспечны для жыцця іншых людзей, ні ў якай меры ў гэтым не зацікаўленых. Я зусім не збіраюся падстаўляць сябе пад кулю, прызначаную для другога чалавека. Пачакайце, пакуль мы ўсе адыйдзем на бяспечную адлегласць. Тады, калі ласка, страляйце, колькі вашай душы захочацца. Ну, цяпер, спадзяюся, вы задаволены?

Калі-б на месцы маёра быў хто-небудзь іншы, то гэтае распараджэнне наўрад ці мела-б поспех. Але ён быў старшым афіцэрам форта, чалавекам сталага ўзросту і да таго-ж надзвычай добра ўладаўшым зброяй, а гэта добра было вядома ўсім, хто асмеліўся калі-небудзь не паслухацца яго загадаў.

Яго шабля была вынята з ножнаў не дзеля тэатральнага жэсту. Праціўнікі ведалі гэта. Амаль адначасовым рухам апусцілі яны зброю, але прадаўжалі трымаць яе ў руках.

Кольхаун стаяў раззлаваны, сціснуўшы зубы, як дзікі звер, спынены ў крывяжэрным нападзе на сваю афяру. Мустангер-жа падначаліўся распараджэнню без відочнага раздражнення і без унутранага пратэсту.

— Я думаю, што ад паядынку вы не адмаўляецеся? — сказаў маёр, добра разумеючы, што ў яго мала шансаў прымірыць праціўнікаў.

— У мяне няма асаблівага жадання адмаўляцца, — скромна адказаў Морыс. — Але калі містэр Кольхаун папросіць прабачэння…

— Ён павінен гэта зрабіць. Ён пачаў спрэчку! — умяшалася некалькі чалавек, якія прысутнічалі пры спрэчцы.

— Ніколі! — заносліва адказаў капітан. — Касій Кольхаун не прывык прасіць прабачэння. Ды яшчэ ў такой прыбранай малпы!