Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/80

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

я ніколі-б гэтага не падумаў. Я палічыў-бы вас за мексіканца, мяркуючы па вашаму касцюму і вышыўцы на рубашцы.

— Я ніяк не магу зразумець, якая вам справа да майго касцюма, містэр Кольхаун, але з прычыны таго, што вы залілі маю рубашку, то дазвольце-ж мне адказаць тым-жа і змыць крухмал з вашай.

Пры гэтых словах мустангер узяў сваю шклянку і, перш чым капітан паспеў адвярнуцца, плёхнуў яму ў твар астаткі недапітай віскі. Да прыемнасці большасці прысутных, Кольхаун пачаў страшэнна кашляць і чхаць.

Мімаволі вырваўшыяся выкрыкі ўхвалы адразу-ж змоўклі і змяніліся магільнай цішынёй. Момант быў занадта напружаны. Усе разумелі, што сварка набыла сур‘ёзны абарот. Справа павінна была скончыцца дуэллю. Ніякая сіла, здавалася, не магла гэтага адхіліць.


Раздзел XX

НЕБЯСПЕЧНАЕ СТАНОВІШЧА

Кольхаун схапіўся за рэвальвер.

Мустангер, прадбачачы гэта, выняў такую-ж зброю і стаяў, гатовы сустрэць выклік.

Больш нясмелыя з наведвальнікаў у паніцы кінуліся да дзвярэй, штурхаючы адзін другога. Некаторыя аставаліся ў таверне з прычыны простага неразумення, іншыя свядома, з халоднай рашымасцю. Магчыма, што апошнімі кіравала пачуццё разумнай асцярожнасці — боязнь атрымаць кулю ў спіну ўцякаючы.

Зноў надышла мёртвая цішыня, якая цягнулася некалькі секунд. Гэта быў момант, калі рашэнне рассудка ператваралася ў дзеянне — у рух.

Магчыма, пры іншым саставе праціўнікаў гэты інтэрвал быў-бы і карацейшы. Два больш непасрэдных і менш спрактыкаваных чалавекі адразу спусцілі-б куркі. Але нашы сапернікі, з практыкі вулічных паядынкаў, ведалі значэнне промаху.

Для тых-жа, хто быў за знадворнай сцяной і хто нават не асмельваўся заглянуць у дзверы, гэтае прамаруджанне было амаль пакутлівым. Замест стрэлу гэтыя людзі раптам пачулі гучны, аўтарытэтна-спакойны голас маёра.

— Стойце! — скамандаваў маёр, вымаючы з ножнаў шаблю і раздзяляючы ёю праціўнікаў. — Не страляйце — я вам абодвум загадваю. Апусціце зброю, інакш я забяру яе ў першага з вас, хто дакранецца да курка! Стойце, я гавару.

— Чаму? — закрычаў Кольхаун, які ўвесь пасінеў ад прыліву нястрымнай злосці. — Чаму, маёр Рынгтвуд? Пасля падобнай знявагі, і яшчэ ад такога нягодніка…

— Вы зачыншчык, капітан Кольхаун.

— Ну і што-ж? Пракляцце яму! Я не з тых, хто церпіць