Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/79

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

яго кампаніі. — І вып‘ем як след, укругавую, каб гаспадар не мог сказаць, што ён дарэмна паліць для нас святло. Што вы адносна гэтага скажаце?

— Згодны, згодны! — адказала некалькі галасоў.

— А вы, маёр?

— 3 прыемнасцю, капітан Кольхаун.

Уся кампанія падышла да стойкі, і кожны пачаў заказваць для сябе выпіўку. Да іх далучылася яшчэ некалькі чалавек.

Выпадкова ці, магчыма, наўмысна, але Кольхаун, заняўшы крайняе месца, апынуўся побач з Морысам Джэральдам. Той, спакойна стоячы ўбаку, піў віскі з вадою і курыў сігару. Яны абодва як быццам не заўважалі адзін другога.

— Тост! — закрычаў Кольхаун, беручы сваю шклянку са стойкі.

— Давайце! — адказала некалькі галасоў.

— Няхай жыве Амерыка для амерыканцаў, і да згінуць усякія чужаземныя прышлецы, асабліва праклятыя ірландцы!

Агаласіўшы гэты тост, Кольхаун зрабіў крок назад і наткнуўся на мустангера, які толькі што паднёс шклянку да губ.

Віскі выплеснулася са шклянкі і заліла мустангеру рубашку.

Ці была гэта выпадковасць? Ніхто ні на хвіліну не сумняваўся ў адваротным.

Усе прысутныя чакалі, што зняважаны адразу-ж накінецца на зняважыўшага. Яны былі расчараваны і нават здзіўлены, што мустангер марудзіў. Некаторыя нават думалі, што ён маўкліва сцерпіць гэтую знявагу.

— Калі ён толькі прамаўчыць, — прашаптаў Генкок на вуха Сломану, — то яго трэба ў каршэнь выштурхнуць адсюль.

— Калі ласка, не турбуйцеся аб гэтым, — адказаў пехацінец таксама шэптам. — Гэтага не будзе. Я не люблю ісці ў заклад, як вам вядома, але я стаўлю свой месячны аклад, калі мустангер не дасць яму добрага адпору. Не сумняваюся таксама і ў тым, што Кольхаун не рад будзе такому праціўніку, хоць у даны момант Джэральда як быццам больш непакоіць рубашка, чым зробленая яму абраза. Ну і дзіўная-ж ён бестыя!

Пакуль яны перашэптваліся, Морыс спакойна стаяў ля стойкі. Ён паставіў сваю шклянку, выняў шоўкавую насавую хустачку з кішэні і пачаў выціраць залітую рубашку.

У яго руках быў бестурботны спакой, які наўрад ці можна было палічыць за праяўленне баязлівасці.

— Я ірландзец, — сказаў мустангер, кладучы сваю хустачку ў кішэню.

Адказ здаваўся вельмі простым і крыху запозненым, але ніхто не сумняваўся ў яго значэнні. Гэта быў выклік. Лаканічнасць адказу толькі падкрэслівала сур‘ёзнасць намераў зняважанага.

— Вы? — з пагардай запытаў Кольхаун, павярнуўшыся да яго і разводзячы рукамі. — Вы? — прадаўжаў ён, з ног да галавы абводзячы мустангера позіркам. — Вы ірландзец? Не можа быць,