Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/78

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Так, ён выглядаў няшчасным, — адказаў маёр, — але спадзяюся, капітан Сломан, вы не прыпісваеце гэтага…

— Рэўнасці? Ды я ўпэўнены, што гэта так. Нічога іншага быць не можа.

— Няўжо к Морысу-мустангеру? Ха-ха! Немагчыма, ва ўсякім выпадку мала праўдападобна!

— Але чаму?

— Мой дарагі Сломан, Луіза Пойндэкстэр — лэдзі, а Морыс Джэральд…

— Гандляр коньмі! — падхапіў Кросман. — Маёр верна кажа, што гэта зусім непраўдападобна, немагчыма.

— Ну, што вы разумееце! — прадаўжаў Сломан, многазначна паківаўшы галавою. — Вы не ведаеце міс Пойндэкстэр так, як я яе ведаю. Гэта вельмі эксцэнтрычная маладая асоба, калі не сказаць больш. Вы, напэўна, і самі гэта заўважылі?

— Прадаўжайце, прадаўжайце, Сломан, — сказаў маёр з насмешкай у голасе. — Вы, здаецца, збіраецеся папляткарыць. Вы, напэўна, самі закахаліся ў міс Пойндэкстэр, не гледзячы на тое, што прыкідваецеся жонаненавіснікам? Я разумею, калі-б вы прырэўнавалі яе да лейтэнанта Генкока або да Кросмана, але да простага мустангера…

— Ды вось ён і сам, — перапыніў яго Генкок, убачыўшы ўваходзячага мустангера. — Няхай ён сам нам і адкажа. Ён просты хлапец, і ад яго мы ўсё даведаемся.

Моўчкі падышоўшы да стойкі, Морыс заняў свабоднае месца.

— Шклянку віскі з вадою, прашу вас, — скромна звярнуўся ён да гаспадара бара.

— Віскі з вадою? — паўтарыў той няветліва. — Вы хочаце віскі з вадою? Гэта каштуе два пені за шклянку.

— Я не пытаюся, колькі гэта каштуе, — адказаў мустангер. — Я прашу вас даць мне шклянку віскі з вадою. Ёсць гэта ў вас?

— Так, так, — паспяшаўся адказаць немец, спалоханы рэзкім тонам, — колькі хочаш, колькі хочаш віскі з вадою. Калі ласка.

У той час як гаспадар бара наліваў мустангеру віскі, той абмяняўся прывітаннямі з афіцэрамі. Ён ведаў большасць з іх, бо пастаўляў у форт коней.

Афіцэры ўжо гатовы былі звярнуцца да яго з цікавіўшым іх пытаннем, але, заўважыўшы ўваходзячага Касія Кольхауна, рашылі пачакаць. У яго прысутнасці наўрад ці зручна было-б абмяркоўваць гэтае пытанне.

Наблізіўшыся са звычайным яму ганарлівым выглядам да групы ваенных і цывільных, Касій Кольхаун пакланіўся так, як звычайна вітаюцца ў тых выпадках, калі разам быў праведзен дзень і чалавек адлучыўся толькі на кароткі час. Калі капітан і не быў п‘яны, то ва ўсякім выпадку быў добра падвыпіўшы.

Яго вочы дзіўна блішчэлі, твар быў ненатуральна бледны.

— Давайце вып‘ем, — звярнуўся ён да маёра і акружаўшай