Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/75

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Стумп не зробіць ні кроку да таго часу, пакуль не пагрузіць скуры на сваю старую кабылу.

* * *

Рэўнасць прымусіла Касія Кольхауна спяшацца назад. Упершыню яна ўспыхнула ў ім сярод выпаленай прэрыі. З таго часу гэтае пачуццё разгаралася ўсё мацней. Кольхаун не знаходзіў сабе месца.

Нізкае соцыяльнае становішча паляўнічага на коней, здавалася-б, не павінна было даваць вялікіх падстаў для апасенняў. Кольхаун і не хваляваўся-б асабліва, калі-б не ведаў так добра характару Луізы Пойндэкстэр, — з малых год яна праяўляла поўную незалежнасць, і для яе не існавала перашкод, перад якімі спынілася-б другая жанчына.

Прыгнечаны сумнымі думкамі, Кольхаун імчаўся да месца пікніка.

Яго не ўзрадавала нават сустрэча з двума коннікамі, якія паказаліся ўдалечыні. Кольхаун адразу пазнаў іх. Гэта былі вінавайцы яго змрочных перажыванняў.

Яны ехалі блізка адзін ад другога, сядло да сядла. Як відаць, захопленыя нейкай цікавай размовай, коннікі не заўважылі набліжэння Кольхауна.

Ехалі яны лёгкім трушком, як відаць не вельмі спяшаючыся вярнуцца да кампаніі.

Іх блізкасць адзін да другога, іх позы, іх яўная няўважлівасць да акружаючага і, нарэшце, той чарапашы крок, якім яны ехалі назад, — усё гэта толькі ўзмацніла падазрэнні капітана. Ён адчуваў, што траціць самаўладанне.

Прымчацца галопам і спыніць інтымную прагулку — было першае, што прышло яму ў галаву. Яшчэ раз ён прымусіў свайго змучанага каня паскорыць крок.

Праз некалькі хвілін Кольхаун замарудзіў ход, як быццам перамяніўшы рашэнне. Гук капытоў яго каня аставаўся яшчэ не заўважаным, хоць ён і быў усяго толькі крокаў на дзвесце ззаду коннікаў. Да яго далятаў срабрысты гук голаса стрыечнай сястры, якой, відавочна, належала галоўная роля ў размове.

Калі-б яму ўдалося падслухаць, аб чым яны гавораць!

Як відаць, яны настолькі захоплены гутаркай, што такая магчымасць не выключана. Трава тут мяккая, як аксаміт, і ўдар капытоў можа быць зусім бязгучным.

Праз некалькі секунд Кольхаун, пад‘ехаўшы амаль зусім блізка да коннікаў, замарудзіў крок каня.

Аднак, цяжкі стук капытоў стомленага, каштанавай масці, каня выдаў Кольхауна. Крапчаты мустанг і гнеды конь страсянулі галовамі і гучна заірзалі.

— Ах! Стрыечны брат Касій! — усклікнула Луіза, і ў тоне яе голаса прагучэла не столькі здзіўленне, колькі смутак. — Ты тут? А дзе бацька, Генры і астатнія?