Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/74

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Ну, вось яшчэ! Глядзіце як належыць! Вялікая падкова, а вось збоку — маленькая. Яны паехалі ў гэтым напрамку. Значыць, яны гналіся за дзікімі кабыламі не далей гэтага месца. Трэба прасачыць далей.

— Чаго-б гэта не каштавала!

Без далейшых размоў Зеб Стумп накіраваўся па слядах.

— Ало! — раптам усклікнуў стары паляўнічы. — Што-ж тут адбывалася? Гэта цікава высветліць.

— Я бачу толькі сляды дзікіх кабыл, — адказаў Кольхаун. — Яны як быццам-бы зрабілі круг і вярнуліся назад.

— Тут яны памяняліся ролямі.

— Што вы хочаце гэтым сказаць?

— Тое, што не коннікі ўжо цяпер гналіся за кабыламі, а кабылы за імі. Не кабылы — нябесныя сілы! — гэта-ж сляды вялікіх капытоў. Няўжо…

— У чым справа?

Не пускаючыся ў далейшыя тлумачэнні, стары паляўнічы адправіўся па слядах, за ім паехаў Кольхаун, дабіваючыся адказу.

Зеб толькі махнуў яму рукою, нібы гаворачы: «Не прыставай, я вельмі заняты».

Некаторы час яго ўвага была зусім паглынута вывучэннем слядоў. Адрозніць сляды падкаваных коней было надзвычай цяжка, бо яны былі затаптаны капытамі жарабцоў.

Толькі пасля таго як Зеб наблізіўся да расколіны, з яго твара зышоў цень глыбокай трывогі.

Толькі цяпер ён згадзіўся, нарэшце, даць свае растлумачэнні.

— Паглядзіце сюды!

— Забіты жарабец! Што гэта азначае?

— Тое, што мустангер забіў яго. І гэтым так напалохаў астатніх, што яны кінулі праследаваць коннікаў.

— Вы думаеце, што Луіза і мустангер пераскочылі цераз гэтую расколіну? Ды гэта-ж немагчыма!

— Вядома, пераскочылі. Хіба вы не бачыце слядоў іх коней з гэтага і з таго боку прорвы?

— Ну, едзем назад, — заспяшаўся Кольхаун, — тут нам больш няма чаго рабіць.

— Не спяшайцеся, калі ласка, — адказаў Зеб, спакойна злазячы са сваёй кабылы і дастаючы нож. — Пачакайце мяне хвілін дзесяць.

— Пачакаць? Навошта?

— Мне трэба зняць скуру з гэтага жарабца. Што за прыгожасць! Я напэўна атрымаю за яе пяць долараў у нашым сетлменце.

— Чорт-бы пабраў вас з вашай скурай! — са злосцю адазваўся Кольхаун. — Едзем, кіньце гэта.

— І не падумаю нават, — з бестурботным спакоем сказаў Зеб, распорваючы вострым нажом скуру на бруху забітай жывёлы. — Вы можаце ехаць, калі вам патрэбна, містэр Кольхаун, а Зеб