Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/76

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Чаму ты ў мяне пытаешся, Лу? Ты ведаеш пра іх столькі-ж, колькі і я.

— Я думала, што ты выехаў нам насустрач. Твой конь увесь у пене. Ён выглядае так, быццам вытрымаў доўгую скачку, не горшую за тую, якую давялося прарабіць нам.

— Так яно і было. Я з самага пачатку кінуўся за табой у надзеі дапамагчы табе.

— Сапраўды? А я і не ведала, што ты ехаў за намі. Дзякуй табе, Касій. Я толькі што дзякавала містэру Джэральду, які самааддана выручыў мяне і Луну з вельмі вялікай непрыемнасці, — я сказала-б выратаваў ад жудаснай пагібелі. Уяві сабе, за намі пагналіся дзікія жарабцы, якія нас ледзь не разарвалі.

— Так, я гэта ведаю.

— Так, значыць, ты бачыў пагоню?

— Не. Я даведаўся аб ёй толькі па слядах.

— Па слядах! Хіба ты мог вызначыць гэта па слядах?

— Так, дзякуючы растаумачэнням Зеба Стумпа.

— О! Ён быў з табою? Як далёка вы нас прасачылі?

— Да расколіны. Ты пераскочыла цераз яе — так мне сказаў Зеб. Ці праўда гэта?

— Луна пераскочыла.

— Разам з табою?

— Вядома, са мною! Што за дзіўнае пытанне, Касій! — сказала яна смеючыся. — А ты таксама пераскочыў? — запытала крэолка, нечакана мяняючы тон. — І ехаў па нашых слядах далей?

— Не, Лу. Ад расколіны я накіраваўся проста сюды, мяркуючы, што ты вернешся раней за мяне.

Луіза, здавалася, была задаволена гэтым адказам.

— Ну, я рада, што мы сустрэліся. Мы ехалі павольна. Луна, бедная, вельмі стамілася. Я не ведаю, як мы дабярэмся дадому.

З моманту сустрэчы з Кольхаунам мустангер не прагаварыў ні слова. Як быццам без усякага жалю пакінуў ён прыемную кампанію маладой крэолкі і моўчкі ехаў наперадзе, нібы зноў вярнуўшыся да сваёй ролі правадніка.

Не гледзячы на гэта, капітан не спускаў з яго сваіх дапытлівых вачэй. А калі Кольхаун лавіў захоплены позірк Луізы, накіраваны ў той-жа бок, яго вочы загараліся д‘ябальскай злосцю. Доўгае падарожжа трох коннікаў магло-б прывесці да трагічнага канца. Аднак, з‘яўленне ўдзельнікаў пікніка папярэдзіла развязку. Уцякачку сустрэлі хорам захопленых прывітанняў, якія на час разагналі ўсякія іншыя думкі.


Раздзел XIX

ВІСКІ З ВАДОЮ

У маленькім гарадку, які зарадзіўся недалёка ад форта Індж, гасцініца-таверна была самым выдатным будынкам. Гэты гарадок не з‘яўляецца выключэннем з агульнага правіла. Амаль у кожным