Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/73

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Раздзел XVIII

РЭЎНАСЦЬ ІДЗЕ ПА СЛЯДАХ

З сарака коннікаў, якія кінуліся на выратаванне Луізы, толькі ў нямногіх хапіла вытрымкі для пагоні на вялікую адлегласць. Страціўшы з віду дзікі табун, крапчатага мустанга і мустангера, яны пачалі губляць і адзін другога. Хутка коннікі рассыпаліся па прэрыі па адным, па двое або групамі ў тры-чатыры чалавекі. Большасць з іх, не ўмеючы арыентавацца, згубілі след манады. Яны збіліся ўбок, накіроўваючыся па іншых слядах, магчыма, той-жа манады, але пакінутых раней.

Толькі адзін коннік ехаў правільным кірункам. Пад ім быў сільны, каштанавай масці, конь, праўда, ён не вызначаўся прыгожасцю, але затое быў вынослівы і быстры. Сіні, ваеннага пакрою, касцюм і сіняя шапка сведчылі аб тым, што гэты коннік быў ні хто іншы, як адстаўны капітан кавалерыі Касій Кольхаун. Ён накіроўваў свайго каня па правільных слядах. Капітан прыехаў да зараснікаў і неўзабаве апынуўся на палянцы, дзе так нечакана спыніўся крапчаты мустанг. Да гэтага месца яму няцяжка было дабрацца, але тут капітан стаў утупік.

Як-жа далей? Сярод слядоў манады ўжо больш не было адбіткаў падкаваных капытоў. Кольхаун аб‘язджаў гэтыя сляды, углядаўся ў іх, але зразумець нічога не мог.

На сваё вялікае здзіўленне, капітая раптам убачыў набліжаючагася конна чалавека. У вялізнай фігуры конніка ён пазнаў Зеба Стумпа.

— Ці ведаеце вы што-небудзь аб маладой лэдзі, містэр Кольхаун? — запытаў стары паляўнічы з незвычайнай для яго жвавасцю. — Не, вы нічога не ведаеце, — прадаўжаў ён, зірнуўшы ў твар Кольхауну і зрабіўшы адпаведны вывад. — Чорт вазьмі! Куды-ж панесла яе гэта праклятая кабыла? І цікава, як гэта здарылася: міс Пойндэкстэр такая добрая наезніца. Ну, нічога, вялікай небяспекі тут не можа быць. Мустангер, напэўна, зловіць кабылу сваім ласо. А чаму вы тут спыніліся?

— Я не магу зразумець, у якім напрамку яны паімчаліся. З гэтых слядоў можна заключыць, што тут яны спыніліся. Але я не бачу, куды-ж сляды пайшлі далей.

— Так, так. Правільна, містэр Кольхаун. Яны тут стаялі. І вельмі блізка адзін ад другога, гэта таксама відаць. Тут яны кінулі пагоню за дзікімі кабыламі. Гэта напэўна. Але куды-ж яны рушылі далей?

Пытальным позіркам Зеб Стумп пачаў разглядаць паверхню паляны, спрабуючы на ёй знайсці адказ.

— Я нідзе не магу знайсці іх слядоў, — адказаў капітан.

— Вы не можаце? А вось я магу. Паглядзіце сюды! Хіба вы не бачыце іх на прымятай траве?

— Не.