Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/68

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

маў ён, гледзячы на дзікі табун, які ўсё яшчэ быў на тым баку расколіны. — Калі мне ўдасца ўкласці хоць аднаго з іх, гэта можа спыніць іншых і дасць час мустангу ўцячы. Цяпер час!»

Пачуўся стрэл. Самы вялікі з жарабцоў, рыжай масці, зваліўся на зямлю, перагарадзіўшы сваёй тушай дарогу.

Некалькі мустангаў, што імчаліся ззаду, адразу-ж спыніліся, а за імі ўсе астатнія.

Скарыстаўшы замяшанне і не трацячы ні хвіліны, мустангер павярнуў на захад і паімчаўся да сажалкі. Крапчаты мустанг са сваёй конніцай паспеў ужо далёка ад‘ехаць.

Дзікія жарабцы не прадаўжалі пагоні. Магчыма, што пагібель важака збіла з панталыку іх, а магчыма, яго труп з‘явіўся перашкодай, загарадзіўшы шлях у адзіным месцы, дзе можна было пераскочыць цераз расколіну.

Калі Морыс пад‘ехаў да сажалкі, Луіза была ўжо там. Яна пакорна выканала ўсе яго ўказанні, за выключэннем аднаго: яна не загарадзіла ўваходу. Уваход быў адкрыты — жэрдкі валяліся на зямлі. Дзяўчына моўчкі сядзела ў сядле, усхваляваная глыбокай удзячнасцю.


Раздзел XVII

ЛАВУШКА ДЛЯ МУСТАНГАЎ

Калі ўжо не пагражала небяспека, маладая крэолка з цікавасцю азірнулася навокал.

Яна ўбачыла невялікае возера. Берагі яго былі ўкрыты слядамі конскіх капытоў. Як відаць, гэта было любімае месца вадапою. Агінаючы возера і далёка ўразаючыся двума разыходзячыміся крыллямі ў раўніну, ішоў высокі плот.

— Для чаго гэта? — запытала дзяўчына, паказваючы на плот.

— Гэта лавушка для мустангаў, — сказаў Морыс.

— Лавушка для мустангаў?

— Загон для лоўлі дзікіх коней. Яны бадзяюцца паміж крыллямі плота, якія, як вы бачыце, шырока разыходзяцца і далёка вынесены ў прэрыю. Іх прыцягвае сюды вада, або мустангеры проста заганяюць іх у гэтае вузкае месца. Уваход загона загараджваецца, і тут іх ужо няцяжка злавіць пры дапамозе ласо.

— Бедная жывёла! Гэты загон належыць вам? Вы-ж мустангер? Вы нам так сказалі?

— Так, я мустангер, але я палюю на дзікіх коней у адзіночку. Я рэдка сустракаюся з людзьмі маёй прафесіі. Таму я і не магу карыстацца гэтым прыстасаваннем, для якога патрэбна прынамсі дваццаць чалавек загоншчыкаў. Мая зброя, калі толькі можна яе так назваць, — вось гэтае ласо.

— Вы вельмі па-майстэрску ім уладаеце. Я ўжо чула аб гэтым, ды і сама бачыла.