Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/69

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Гэта вельмі любезна з вашага боку. Аднак, вы памыляецеся. У прэрыях ёсць прыродныя ласонеры-мексіканцы. І тое, што вам паказалася майстэрствам, яны палічылі-б проста за непаваротлівасць.

— Мне здаецца, містэр Джэральд, што ваша скромнасць прымушае вас пераацэньваць вашых сапернікаў. Я чула якраз адваротнае.

— Ад каго?

— Ад вашага прыяцеля — містэра Зебулона Стумпа.

— Ха-ха! Стары Зеб дрэнны аўтарытэт у гэтых пытаннях.

— Мне таксама хацелася-б навучыцца кідаць ласо, — сказала маладая крэолка, — але кажуць, што гэта не жаночая справа.

— Не жаночая справа! Гэта такі-ж нявінны спорт, як і катанне на каньках або стральба з лука. Я ведаю адну дзяўчыну, якая добра ўладае гэтым майстэрствам.

— Яна амерыканка?

— Не, мексіканка і жыве ў ваколіцах Рыо-Грандэ. Іншы раз яна прыязджае да нас на Леону: тут жывуць яе сваякі.

— Яна маладая?

— Мне здаецца, што яна вашых год, міс Пойндэкстэр?

— Высокая?

— Крыху ніжэйшая за вас.

— Але, вядома, значна прыгажэй за мяне? Я чула, што мексіканскія жанчыны значна прыгажэйшыя за нас, амерыканак.

— Мне здаецца, што крэолкі не ўключаны ў гэтую катэгорыю, — з дыпламатычнай тонкасцю адказаў Морыс.

— Цікава, ці магла-б я аўладаць гэтым майстэрствам? — прадаўжала маладая крэолка, як быццам не заўважыўшы зробленага ёй камплімента. — Ці не позна мне пачаць вучыцца? Я чула, што мексіканцы прывыкаюць да гэтага спорту з дзіцячых год. Таму яны і дасягаюць такой высокай дасканаласці.

— Не, вам яшчэ зусім не позна, — паспяшаўся адказаць Морыс. — Пасля аднаго-двух год практыкі вы зробіцеся ўмелай ласонеркай. Я, напрыклад, усяго толькі тры гады як займаюся гэтай справай…

Ён змоўк, бо яму не хацелася паказацца хвалько.

— А цяпер вы самы лепшы ласонер ва ўсім Техасе? — скончыла субяседніца, адгадаўшы невыказаную ім думку.

— Не, не! — смеючыся, запратэставаў ён. — Гэта толькі заблуджэнне з боку старога Зеба, які мяркуе аб маім умельстве, напэўна, прымаючы сваё за стандарт.

«Што гэта — скромнасць? — падумала крэолка. — Або гэты чалавек проста смяецца з мяне? Не, гэтага не можа быць, а то я проста звар‘яцею».

— Вам, напэўна, хочацца вярнуцца ў кампанію вашых сяброў? — сказаў Морыс, заўважыўшы ў ёй нейкую няўважлівасць. — Ваш бацька, напэўна, ужо трывожыцца, што вас так доўга няма. Ваш брат, ваш стрыечны брат…