Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/66

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

дваццаць секунд зацішша коннікам удалося абагнуць непрыяцеля і апынуцца ў яго ў тылу, на шляху да выратавання.

Аднак, небяспека ўсё яшчэ аставалася пагражаючай. Дзікія жывёлы, заўважыўшы іх уцяканне, з храпеннем і візгам кінуліся ім ўслед.

З гэтага моманту пачалося страшэннае спаборніцтва ў хуткасці бегу паміж коньмі без седакоў і коньмі з седакамі.

Час ад часу Морыс азіраўся назад, і, не гледзячы на тое, што адлегласць, якую ім удалося выйграць спачатку, не змяншалася, яго твар па-ранейшаму выказваў трывогу.

Каб ён быў адзін, ён не хваляваўся-б ні хвіліны. Ён ведаў, што яго гнеды нікому не дасць сябе дагнаць. Бяда была ў тым, што крапчаты мустанг сцішаў бег.

— Што гэта можа азначаць? — не разумеў мустангер, стрымліваючы свайго каня, каб параўняцца са сваёй спадарожніцай: — Калі нам трапіцца перашкода, — звярнуўся ён да яе, — мы загінем. Нам дорага кожная секунда.

— Але-ж яны не даганяюць нас, праўда?

— Пакуль яшчэ не. На няшчасце, наперадзе ў нас вялікая перашкода. Я ведаю, што вы цудоўная наезніца, але ваш конь… У ім я не ўпэўнены. Вы яго лепш ведаеце. Ці можа ён пераскочыць цераз…

— Цераз што, сэр?

— Вы зараз убачыце.

І яны прадаўжалі імчацца галопам, робячы амаль мілю за хвіліну.

Хутка яны апынуліся ля велізарнай, як прорва, расколіны, зіяючай на паверхні прэрыі. Яна была не менш пятнаццаці футаў у шырыню, значна больш у глыбіню і цягнулася з абодвух бакоў, наколькі хапала зроку.

Толькі прыжком у пятнаццаць футаў даўжыні можна было ўзяць гэту перашкоду. Морыс ведаў, што гнеды не падвядзе, — яму не раз даводзілася рабіць такія прыжкі. А крапчатая кабыла?

— Ці можа ваш конь справіцца з гэтай перашкодай? — з трывогай запытаў мустангер, пад‘язджаючы да краю прорвы.

— Я не сумняваюся, — з упэўненасцю адказала Луіза.

— Але, міс Пойндэкстэр, — з недавер‘ем прадаўжаў мустангер, — раптам яна не пераскочыць? Калі ў вас ёсць хоць кропля сумнення, давайце лепш пакінем яе. Я ведаю, што мой конь у поўнай захоўнасці пераправіць нас абодвух на той бок. Калі мы афяруем мустангам, то, напэўна, выратуемся і ад далейшых праследаванняў. Дзікія жарабцы… вы разумееце…

— Пакінуць Луну! Кінуць яе на расцярзанне дзікіх жарабцоў! Не, не, містэр Джэральд. Мой мустанг занадта мне дораг. Мы разам пераскочым прорву, калі толькі зможам. Калі не, мы разам зломім сабе шыю на дне яе. Ну, давай, мая прыгожая! Ляцім!