Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/64

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Не, я думаў не пра індзейцаў.

— Якая-ж іншая небяспека? Скажыце, калі ласка, надалей я буду больш асцярожная.

Морыс не адразу адказаў. Да яго даляцеў гук, які прымусіў яго павярнуцца.

Крэолка зразумела, што ён да чагосьці прыслухоўваецца. Да яе даляцеў рэзкі візг, пасля пачуўся тупат капытоў.

— Дзікія жарабцы! — усклікнуў мустангер трывожным голасам. — Я ведаў, што яны бываюць у гэтых месцах.

— Гэта тая небяспека, аб якой вы гаварылі?

— Так, я аб гэтым думаў.

— Але-ж гэта толькі мустангі. Што-ж у іх страшнага?

— Звычайна іх няма чаго баяцца. Але іменна цяпер, у гэту пару года, яны робяцца такімі-ж дзікімі, як тыгры, і такімі-ж небяспечнымі. Вы нават не падазраеце, што раз‘юшанага дзікага жарабца трэба больш баяцца, чым ваўка, пантэры або мядзведзя.

— Што-ж нам рабіць? — запыталася Луіза, з трывогай гледзячы ў вочы чалавеку, які аднойчы ўжо выратаваў яе ад небяспекі.

— Калі яны нападуць на нас, — адказаў Морыс, — у нас будзе толькі два выйсця. Першае — гэта ўзлезці на дрэва, кінуўшы нашых коней на расцярзанне.

— А другое? — спакойна запытала крэолка. — Я згодна на ўсё, але пакідаць нашых коней я не хачу. Гэта было-б дрэннае выйсце са становішча.

— Нам і не давядзецца так зрабіць, бо тут, як відаць, не знойдзеш ніводнага вялікага дрэва. У выпадку нападу нам астаецца толькі адно — здацца на хуткасць нашых коней. На жаль, — прадаўжаў ён, уважліва разглядаючы крапчатата мустанга, а пасля свайго каня, — ім занадта дасталося за сёнешні дзень, і абодва яны вельмі стаміліся. У гэтым наша галоўная бяда.

— Нам патрэбна зараз-жа выратоўвацца ўцёкамі? — запытала Луіза.

— Не, пакуль яшчэ рана. Чым больш мы дадзім адпачыць нашым коням, тым лепш. Жарабцы, магчыма, яшчэ і не прыдуць сюды. А калі нават і прыдуць, то гэта яшчэ не азначае, што яны на нас кінуцца. Калі яны будуць грызціся паміж сабою, то і мы будзем пад пагрозай. Ага! Так яно і ёсць — паміж імі барацьба. Я мяркую па іх ірзанню. Увы, яны накіроўваюцца сюды.

— Містэр Джэральд, дык чаго-ж мы чакаем тут?

— Цяпер няма сэнсу кратацца. Наперадзе — адкрытая раўніна, і нам няма дзе схавацца. Яны выскачаць туды, перш чым мы паспеем ад‘ехаць, і адразу-ж забягуць наперад нам. Месца, куды нам трэба ўцякаць, знаходзіцца ў іншым напрамку. Мы